Алесь Бяляцкі: Мы чакаем ад ЕЗ і ЗША ціску на беларускія ўлады



Беларусь і Казахстан сталі галоўнымі тэмамі дыскусіі, арганізаванай у Вашынгтоне праваабарончай арганізацыяй „Freedom House”, паведамляе «Голас Амерыкі».

«Перашкоды або прыступкі для грамадзянскай супольнасці ў Еўразіі. Важныя галасы з месцаў падзей» – пад такой назвай прайшло абмеркаванне, на якім экспертамі выступілі кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі з Беларусі і Яўген Жоўціс – кіраўнік Міжнароднага бюро правоў чалавека і вяршэнства права з Казахстана.

Эксперты занялі розныя пазіцыі ў ацэнцы перспектыў станоўчых зменаў для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і Казахстане. Алесь Бяляцкі адзначыў, што патэнцыял для змяненняў у Беларусі вельмі высокі: дзейнічаюць незалежныя НДА, сродкі масавай інфармацыі, прафсаюзы. Пры гэтым праваабаронца выказаў упэўненасць, што змены не прыйдуць ад уладаў: «аўтарытарызм падобны ўсюды і не будзе сам капаць сабе яму».

Алесь Бяляцкі звярнуў увагу, што Беларусь варта прылічваць не да Еўраазіяцкага рэгіёна, а разам з Малдовай і Украінай – да рэгіёна Еўропы. Будучыню Беларусі будуць вызначаць беларусы, і кірунак гэтага выбару натуральным чынам паказвае на Захад. Праваабаронца ўпэўнены, што беларусы выберуць заходні вектар.

У сваю чаргу Жоўціс адзначыў, што ў Казахстане зарэгістраваныя і дзейнічаюць 20 тысяч НДА. Разам з тым, падкрэсліў ён, абсалютная іх большасць – гэта падначаленыя структуры. Больш за тое, яны не складаюць сапраўдную грамадзянскую супольнасць.

Адказваючы на пытанні пра дынаміку стасункаў паміж Захадам і Беларуссю, Алесь Бяляцкі выказаў расчараванне тым, што санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі былі прыпыненыя. І гэта пры тым, што выстаўленыя Захадам умовы не былі выкананыя, за выключэннем вызвалення палітвязняў.

«Мы чакаем і ад ЕЗ, і ад ЗША працягу ціску на беларускія ўлады з мэтай пашырэння дэмакратычнай прасторы і свабоды ў Беларусі, – заявіў беларускі праваабаронца. – Беларускія ўлады больш маюць патрэбу ў добрых стасунках з ЗША і ЕЗ, чым наадварот. Эканамічны крызіс, недавер паміж Беларуссю і Расеяй, недахоп альтэрнатыў прымушаюць улады шукаць кропку апоры на Захадзе».

У пошуку фінансавання беларускія ўлады цяпер вядуць перамовы з МВФ. І тут вельмі важна, як адзначыў Бяляцкі, «каб гэтыя грошы не пайшлі на ўмацаванне рэжыму, а былі накіраваны на структурныя эканамічныя змены, цесна звязаныя з грамадска-палітычнымі зменамі».

Што тычыцца непасрэдна ЗША, то Бяляцкі нагадаў пра тое, што ёсць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, дзе прапісаны сем патрабаванняў да беларускага ўрада ў паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй. Пры гэтым толькі адзін пункт з’яўляецца выкананым, звярнуў увагу праваабаронца. Ён заклікаў дамагацца выканання астатніх шасці ўмоў.

Паводле Алеся Бяляцкага, гэтыя шэсць месяцаў рэжыму змякчэння санкцый могуць стаць выпрабаваннем, наколькі беларускія ўлады гатовыя да раўнапраўнай супрацы, наколькі яны гатовыя выконваць свае міжнародныя абавязанні.

Паводле golos-ameriki.ru