Алесь Бяляцкі: Мы маем права ведаць, што адбываецца ў краіне
Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі моцна ўстрывожаны тым, што ўлады хаваюць рэальны стан рэчаў па эпідэміі каронавіруса ў Віцебску, паведамляе spring96.org.
Падобная сітуацыя яму нагадвае 2009 год, калі такім жа самым чынам хавалася ад грамадства інфармацыя пра птушыны грып. Алесь Бяляцкі ў той час перахварэў на яго і, у выніку, на двухбаковае запаленне лёгкіх. Хаця дыягназ птушынага грыпу яму так і ня быў афіцыйна пастаўлены.
У сувязі з распаўсюджваннем у краіне каронавіруса, Праваабарончы цэнтр “Вясна” цалкам далучаецца да патрабавання Беларускай асацыяцыі журналістаў аб прадастаўленні рэгулярнай, поўнай і даставернай інфармацыі па сітуацыі з COVID-19. У адпаведнасці з артыкулам 34 Канстытуцыі, улада павінна інфармаваць людей аб дзейнасці дзяржаўных органаў і тым, што тычыцца нашых правоў і законных інтарэсаў.
Мы маем права ведаць, што адбываецца ў краіне і што робіць у гэтым выпадку дзяржава. Наш народ заслугоўвае ведаць праўду. Прасцей тады вырашаць праблемы, калі ўсе мы ведаем сапраўдны стан рэчаў.
Мы, беларускія праваабаронцы, звяртаемся да ўладаў Беларусі з заклікам праўдзіва і неадкладна інфармаваць грамадзян краіны праз тэлебачанне, радыё ды іншыя СМІ пра сучасны стан рэчаў, пра тое, якія захады трэба зараз неадкладна прымаць людзям, каб мінімізаваць магчымасць заражэння.