Алесь Бяляцкі: Мы павінны прайсці гэты пік



Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі выказаўся пра сённяшнія рэпрэсіі ў краіне і ціск на праваабаронцаў.

Алесь Бяляцкі: Сёння за кратамі знаходзяцца і журналісты, і праваабаронцы, і проста людзі, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю. Удару падвергліся структуры незалежных прафсаюзаў і няўрадавых арганізацый, такіх як “Вясна”, БАЖ, прафсаюз РЭП, а таксама праваабаронцы, якія займаюцца гэтай дзейнасцю на валанцёрскіх пачатках.

Відавочна, што ўлады нанеслі ўдар па праваабарончым сектары з мэтай зменшыць наш уплыў на сітуацыю і з мэтай заглушыць наш голас, які зараз гаворыць ясна і зразумела: сёння з правамі чалавека ў Беларусі адбываецца катастрофа.

Рэпрэсіўныя меры накіраваны ў тым ліку і супраць праваабаронцаў, і хачу сказаць, што такіх рэпрэсій у Еўропе вельмі даўно не было. Гэта выключны выпадак для еўрапейскага кантынента, што сведчыць пра адно – аўтарытарны рэжым Беларусі на сённяшні дзень не выконвае міжнародныя пагадненні, якія гарантуюць абаронцам умовы працы ў сваёй краіне. Калі пачынаюць судзіць журналістаў, праваабаронцаў, то гэта становіцца маркерам, самымі выразнымі выпадкамі пераследу грамадскіх актывістаў, якія выступаюць у межах Канстытуцыі і міжнародных дакументаў, якія дазваляюць праваабарончую дзейнасць.

РР: Як на гэта адгукнулася міжнародная супольнасць?

Алесь Бяляцкі: Была заява прэс-сакратара Еўразвязу, быў візіт амбасадараў краін ЕЗ, ЗША і Вялікабрытаніі ў Офіс па правах людзей з інваліднасцю і ў “Вясну”. Яны маральна падтрымліваюць нашу працу і дасылаюць ясны сігнал уладам пра тое, што беларуская супольнасць з гэтым мірыцца не будзе.

Я думаю, што ўвогуле маштабы заходніх санкцый будуць вельмі цесна звязаны з тым, ці будуць далей пераследавацца праваабаронцы і журналісты. Улада павінна разумець, што гэта будзе ім дорага каштаваць.

Таксама трэба разумець, што мы з’яўляемся часткай беларускага грамадства, і наступ на ўсё гэтае грамадства закранае і нас. Мы не знаходзімся ў выключнай сітуацыі.

У краіне прайшлі тысячы вобшукаў, і сотні людзей сядзяць за кратамі. Тое, што рэпрэсіўны ўдар накіроўваецца і супраць нас, гаворыць пра тое, што мы спраўды важныя для беларускага грамадства. І мы разам з гэтым грамадствам у такі важны час.

РР: Ці можна спрагназаваць, як доўга працягнуцца рэпрэсіі? Ад чаго гэта будзе залежыць?

Алесь Бяляцкі: Мы зараз знаходзімся, мабыць, на піку рэпрэсій. Кожны дзень адбываюцца суды, выносяцца жорсткія прысуды. Судзяць журналістаў, блогераў, грамадскіх актывістаў. ..

Я перакананы, што мы павінны прайсці гэты пік. Не можа доўгі час грамадства знаходзіцца ў напружанні з-за грамадска-палітычнага крызісу ў краіне. І ва ўладаў няма такіх рэсурсаў, каб пастаянна падтрымліваць такі ровень рэпрэсій і такое напружанне ў грамадстве.

Думаю, што яны вымушаны будуць адступіць, хаця калі гэта адбудзецца, цяжка сказаць. Зараз ідзе самая сапраўдная вайна ўладаў з грамадствам, хаця гэтая вайна і не абвешчана. Як і не абвешчана ваеннае становішча, хаця ёсць багата элементаў, якія ўказваюць на тое, што ў Беларусі сёння – надзвычайнае становішча. Гэта можна ўбачыць па тым, як у нас працуюць ( а дакладней – не працуюць) суды, а ўсе дзяржаўныя структуры накіраваны на рэпрэсіі супраць актывістаў і грамадзян, якія выказваюць сваё меркаванне. Тут відавочны палітычны заказ, бо людзей пераследуюць за іх перакананні.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя