Алесь Бяляцкі накіраваў зварот да Генпракурора Беларусі
Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў зварот да Генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка. Зварот звязаны з тым, што да асобаў, якія адбывалі адміністрацыйны арышт у турме на Акрэсціна, не пускалі адвакатаў.
„У апошні час у кіраўніцтва Менскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), што на Акрэсціна, з’явілася заганная практыка – не дапускаць адвакатаў да адміністратыўна арыштаваных палітыкаў і актывістаў. Толькі з пачатку траўня стала вядома пра некалькі выпадкаў парушэння права грамадзян на абарону,” – гаворыцца ў звароце.
Апошнім часам адвакатаў не пусцілі да палітыкаў Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Вячаслава Сіўчыка і Уладзіміра Някляева. Усе яны адбывалі ці адбываюць на Акрэсціна кароткатэрміновыя адміністрацыйныя арышты. Бяляцкі лічыць, што гэта сведчыць аб грубым парушэнні законных правоў асобаў, а менавіта – права на абарону. Паводле Бяляцкага, адмова ў допуску адвакатаў да сваіх падабаронных не дае ім магчымасць абскардзіць пастановы.
У заяве праваабаронца просіць Генпракурора правесці праверку і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Фота Сяргей Грыц