Алесь Бяляцкі: Наша барацьба за Беларусь – недарэмная
Гэтымі днямі Беларусь адзначае трагічныя ўгодкі разгону пратэстнай акцыі ў Менску пасля агучвання сфальшываваных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Сярод удзельнікаў і відавочцаў гэтых падзеяў быў і старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, які сёння наведаў нашу студыю.
РР: Апошнія некалькі дзён у сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваюць тэму брутальнага разгону Плошчы. Я знайшоў вельмі папулярны каментар, і на мой погляд, не аптымістычны, пра тое, што ў нас, у беларусаў, у 2010 годзе быў апошні шанец на дэмакратычныя перамены. Ваша меркаванне, як вы думаеце?
Алесь Бяляцкі: Ніколі шанец не бывае апошнім, заўсёды будзе наступны шанец. Я ў гэтым перакананы. Тое, што адбылося ў 10-ым годзе, сапраўды гэта незагойная рана на целе беларускай новай, сучаснай гісторыі. І вельмі багата сённяшніх грамадскіх дзеячоў, палітычных дзеячоў перажылі гэтыя драматычныя дні і атрымалі, можна сказаць, сур’ёзнае выпрабаванне. Мы памятаем, што было затрымана некалькі соцень чалавек, амаль тысяча, затым было пачата амаль 50 крымінальных справаў. Людзі засталіся ў турме да суда. І ўся гэтая гісторыя фактычна яшчэ не скончаная і зараз, бо апошні падазраваны Алесь Міхалевіч, кандыдат у прэзідэнты 2010 года, ён яшчэ застаецца як падазраваны. Крымінальная справа супраць яго не закрытая, яна працягваецца, нягледзячы на тое, што выпусцілі палітычных зняволеных, у прыватнасці Міколу Статкевіча. Гэты ўдар па тых дэмакратычных парастках, якія ў нас існавалі, мы яшчэ да канца яго не перажылі. Канешне, гэта маральная, псіхалагічная траўма, яна, безумоўна, ёсць вынікам віны беларускіх уладаў, у якіх было жаданне адным махам разграміць беларускую дэмакратычную апазіцыю, нават больш шырэй – беларускае дэмакратычнае грамадства, таму што рэпрэсіі закранулі таксама і журналістаў, і праваабаронцаў. І гэты ціск працягваўся ўсе наступныя гады. Мы яшчэ не выйшлі з гэтай ямы, у якую трапілі ў 2010-ым годзе. Таму і не было нейкіх сур’ёзных акцый у 15-ым годзе, бо грамадства не было гатовае.
РР: Маю такое ўражанне, такое адчуванне, як быцца ёсць нейкія хвалі. Спачатку беларускае грамадства было апалітычнае, потым у 2010 годзе як быццам бы сабраліся. А зараз у 2015… Па-першае, ніхто не заклікаў на Плошчу. Не было нейкага яўнага апазіцыйнага лідара. І вы гаворыце пра тое, што нібыта суцішылася хваля палітычнай актыўнасці Беларусі. Ці ўсё ж пасля 10-га году беларуская апазіцыя панесла вялікія страты, і ўжо зараз, як вы гаворыце, не сабраліся яшчэ ўсе?
Алесь Бяляцкі: Тут адно звязана з другім. Сапраўды я на свае вочы бачыў ужо некалькі такіх хваляў актыўнасці. Мы добра памятаем, што ў нас было ў другой палове 80-х – пачатку 90-х, калі гэтая актыўнасць мела вышэйшы градус. Потым былі наступныя хвалі. Гэта 96-ы год, мы памятаем таксама 98-ы – Маршы Свабоды, затым 99-ы. Выбары 2001 года. Потым Плошчу Каліноўскага 2006 года. І вось 2010-ы год – трагічны разгон акцыі пратэсту. З аднаго боку, сапраўды адчуваецца тое, што беларускае грамадства зняверылася ў выбарах. Людзі чаму выходзілі? Людзі выходзілі з патрабаваннем пераменаў, ці жадаючы паслаць сігнал нязгоды беларускім уладам, якія парушалі іхныя правы. І такім чынам заклікалі да пераменаў.
РР: Ну так, сказаць, што мы ёсць і мы супраць.
Алесь Бяляцкі: Канешне, тут кожны вырашаў асабіста для сябе. Але ў нас былі дэманстрацыі ў некалькі дзясяткаў тысяч, а напачатку 90-х гэта было і 100 тысяч удзельнікаў акцый пратэсту. Зараз відавочна, што час яшчэ не склаўся для такіх масавых выступаў. Менавіта пад час прэзідэнцкіх выбараў 15-га года, мне падаецца, сама вера ў гэтыя выбары фактычна знікла, людзі, народ, грамадзянская супольнасць жывуць самы па сабе, а гэтыя фасадныя выбары праходзяць самы па сабе, якія нічога не вырашаюць. Так, як было пры камуністах у свой час, – выбары нічога не вырашалі, гэта была абсалютна фармальная працэдура, а жыццё ішло сваім шляхам.
РР: А беларусы ў гэтых абставінах жылі 80 гадоў і прызвычаіліся да гэтага.
Алесь Бяляцкі: Жыццё ішло сваім шляхам. Потым яно пераламала гэтую традыцыю, гэтую сітуацыю. Я таксама думаю, што можа быць наша грамадская актыўнасць не будзе звязаная з выбарчым календаром. Яна будзе прывязаная да эканамічнай сітуацыі, да нейкіх пытанняў унутранай свабоды, знешняй свабоды, да нейкіх больш грунтоўных рэчаў, чым проста выбарчая кампанія. Прагназаваць тут штосьці цяжка. Я не выключаю, што гэты надыходны 2016 год можа прынесці багата непрыемных сюрпрызаў для беларускіх уладаў, і багата нейкіх спадзяванняў для беларускай грамадзянскай супольнасці, для беларускага грамадства.
РР: І тут напрошваецца філасофскае пытанне: а як вы думаеце, ці Аляксандр Лукашэнка – гэта той чалавек, да якога можна дагрукацца Плошчай? Ці тая гэта асоба, якая будзе сядзець у сваім кабінеце, а тут выйдуць на вуліцы тысячы людзей, і ён падумае, што трэба сапраўды нешта мяняць?
Алесь Бяляцкі: Плошча можа дагрукацца і прымусіць пачуць сябе любога з дыктатараў, любога з аўтарытарных кіраўнікоў. І я мяркую, што Аляксандр Лукашэнка тут не выключэнне.
РР: І напрыканцы давайце зробім падсумаванне. Зноў-такі натхняюся сацыяльнымі сеткамі, там многія пісалі, дзе яны былі 19 снежня, потым 20-га, 21-га…
Алесь Бяляцкі: Гэта былі драматычныя дні для нас, бо я быў сапраўды на Плошчы, мы назіралі, у нас была міжнародная група праваабаронцаў, былі праваабаронцы з Украіны, са Швецыі, з Нарвегіі. Мы гэтай групай назіралі за тым, што адбывалася пад час гэтых падзеяў увечары 19 снежня 2010 году, і мы бачылі гэты разгон, які адбываўся на плошчы Незалежнасці, і сыйшлі адтуль аднымі з апошніх. Але на гэтым прыгоды ў нас не скончыліся, таму што літаральна ў гэтую ж ноч адбыўся вобшук на офісе «Вясны», і мы перажылі гэты вобшук, у нас вынеслі ўсю камп’ютарную тэхніку. Потым прыехала брыгада людзей увогуле невядома каго, якія не прадстаўляліся, якія хацелі знайсці пэўнага «вясноўца» і арыштаваць яго, але гэта ім не ўдалося, бо гэтага чалавека не было на офісе, і мы іх туды не ўпусцілі. Таму нашыя прыгоды працягваліся. Назаўтра, калі мы даведаліся пра сотні-сотні затрыманых, то, нягледзячы на тое, што камп’ютары ў нас былі канфіскаваныя, мы пачалі ліхаманкава складаць базу затрыманых людзей, і гэта была вельмі важная і напружаная праца.
РР: Была, напэўна, магчымасць нейкім чынам дапамагчы затрыманым.
Алесь Бяляцкі: І каб ведалі пра затрыманні сваякі, знаёмыя. Каб мы маглі ацаніць сітуацыю аб’ектыўна, што ўсё ж такі адбылося. Адпаведна адразу з выбарчага назірання мы перайшлі да дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій. І падчас гэтай дапамогі потым мы самі пацярпелі. Таму што я быў затрыманы, арыштаваны, як я мяркую, за праваабарончую актыўнасць, так што гэта была драматычная частка майго асабістага жыцця і нашай агульнай гісторыі. І я спадзяюся, што мы ўсе зробім з гэтага высновы.
РР: Каб гэта, прынамсі, не было дарэмным.
Алесь Бяляцкі: Я абсалютна перакананы, што ўсё, што адбываецца, усё гэтае змаганне, барацьба за дэмакратыю ў Беларусі – гэтая справа недарэмная, яна не сыйдзе ў пясок, яна будзе тым падмуркам, на якім урошце-рэшт пабудуецца незалежная дэмакратычная Беларусь.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.