Алесь Бяляцкі: Няма зараз сілы закона



Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі пракаментаваў жорсткі прысуд берасцейцу Аляксандру Кардзюкову.

25 лютага ў Берасці вынеслі прысуд нябожчыку Генадзю Шутаву, якога смяротна паранілі ў галаву падчас пратэстаў 11 жніўня, і яго сябру Аляксандру Кардзюкову.

Суд прызнаў Шутава і Кардзюкова вінаватымі ў супраціве з ужываннем гвалту, а Кардзюкова — яшчэ і ў замаху на забойства асобы, у сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці. Кардзюкову прызначылі 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Алесь Бяляцкі: Агульная тэндэнцыя такая – караць людзей вельмі жорстка дзеля таго, каб спыніць грамадскую актыўнасць. У кожным канкрэтным выпадку мы бачым, што стараюцца даваць па максімуме.

Калі казаць пра суд у Берасці, то відавочна, што ўлады стараюцца схаваць праўду пра забойства мірнага чалавека вайскоўцам. Гэта ўжо само па сабе парушэнне беларускага заканадаўства і міжнародных абавязальніцтваў.

РР: Тое, што да няўзброенага грамадзянскага чалавека была прыменена зброя вайскоўцам?

Алесь Бяляцкі: Так. Войскі бралі ўдзел у разгоне мірных дэманстрацый, мірных маніфестантаў. Таму зараз і хочуць схаваць праўду пра тое, што адбылося ў Берасці, хаця вушы там тырчаць на паверхні.

Тое самае тычыцца нежадання расследаваць справу забойства Тарайкоўскага ў Менску. І я вельмі падазраю, што расследаванне і ўзбуджэнне крымінальнай справы па забойстве Рамана Бандарэнкі таксама будзе спушчана на тармазах і будзе зроблена ўсё, каб апраўдаць забойцаў.

Усё гэта гаворыць пра тое, што сёння ў Беларусі нармальныя судовыя механізмы не працуюць. Няма зараз сілы закона, бо “иногда не до законов”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя