Алесь Бяляцкі: Палітычны пераслед ніколі не спыняўся
Улады Беларусі не спыняюць палітычны пераслед сваіх апанентаў. Не паспелі ў мінулым годзе вызваліць усіх палітычных вязняў, як ужо з’явіўся новы, працягваецца ціск на журналістаў і праваабаронцаў. Гэта адчуў на сабе і лідар праваабарончага руху краіны – Алесь Бяляцкі.
РР: Літаральна днямі атрымалі мы інфармацыю пра тое, што на вашую долю ў кватэры ў Менску накладаецца арышт. Адметнасць сітуацыі ў тым, што карныя органы рэалізуюць такім чынам пастанову, якая была вынесена яшчэ ў 2011 годзе, калі ішоў працэс па вашай справе. Як вы пракаментуеце такую запозненую актыўнасць?
– Так, фактычна зараз судовыя выканаўцы павінны выканаць судовае рашэнне ўжо чатырохгадовай даўніны. Пасля суда 2011 года мая маёмасць была канфіскаваная, і ўся маёмасць была падзеленая, частка адыйшла да жонкі. І вось частка маёмасці, у якой мы і жывем, падпадала пад гэтую канфіскацыю. Доўгі час органы выканання нічога не рабілі, але зараз чамусьці вось пад канец 2015 года пра гэта ўзгадалі. Мая версія тут вельмі простая. Па-першае, скончыліся прэзідэнцкія выбары і ўлады пачалі зноў паціху падціскаць гайкі па ўсіх напрамках грамадскай і грамадзянскай актыўнасці. Зноў аднавіўся пераслед незалежных журналістаў, і некалькі судовых працэсаў адбылося ўжо з пачатку года. Мы бачым кропкавыя рэпрэсіі супраць студэнтаў, якія праявілі актыўнасць у канцы 2015 года. Мы бачым, што ўлады не ідуць ні на якія канктакты з прадпрымальнікамі, не збіраюцца вырашаць гэтыя праблемы шляхам перамоваў, а выкарыстоўваюць сілавы падыход, не на карысць тым тысячам людзей, якія проста кормяць свае сем’і. На пачатку года быў вынесены чарговы смяротны прысуд. І вось у гэтую карціну ўпісваюцца і тыя рухі, якія зрабілі судовыя выканаўцы ў дачыненні да прысуда 2011 года. Яшчэ нагадаю, што некалькі тыдняў таму Міжнароднай федэрацыя правоў чалавека, віцэ-прэзідэнтам якой я з’яўляюся, мы накіравалі сумесны зварот у МЗС Беларусі з патрабаваннем выканаць рашэнне Камітэта па правах чалавека, вынесенае ў дачыненні да мяне. Там ёсць пункты, датычныя рэабілітацыі і скасавання таго судовага несправядлівага рашэння, якое было вынесена ў дачыненні да мяне.
РР: Беларусь застаецца краінай, у якой ёсць палітычныя вязні. Нягледзячы на тое, што ў жніўні мінулага года былі вызваленыя ўсе шасцёра палітычных зняволеных, улады так і не спынілі пераслед сваіх апанентаў. Акрамя таго, цяпер праваабаронцы прызналі, што зняволены заснавальнік арганізацыі «Платформа» Міхаіл Жамчужны – таксама палітвязень…
– Сапраўды, у жніўні на свабоду выйшлі ўсе шасцёра палітычных вязняў, і патрабаванне нашага праваабарончага руху, міжнародных арганізацый, Еўразвязу і ЗША – было выкананае. Але пытанне палітычных вязняў з гэтым у Беларусі не было абнулено. Не было зведзена да сітуацыі, што ў нас нічога не адбываецца. Найперш таму, што цягнуцца працэсы па палітычных матывах. Цягнецца пераслед грамадзянаў з палітычных прычынаў. Мы маем пачатыя крымінальныя справы палітычнага характару, якія на сённяшні дзень не скончаныя. Я прыгадаю, што гэта справа кандыдата ў прэзідэнты 2010 года Алеся Міхалевіча, гэтая справа была адноўленая пасля яго вяртання ў Беларусь. Гэта справа супраць графіцістаў. Пераслед журналіста Аляксандра Алесіна. І гэта вось у пэўным сэнсе нечаканая справа супраць Міхаіла Жамчужнага. Чаму нечаканая? Працэс па справе Міхаіла Жамчужнага быў закрытым, праваабаронцы доўгі час не мелі ніякай інфармацыі пра тое, што там адбываецца, за што яго судзяць. Але пасля таго, як было агучана судовае рашэнне, і гэтае рашэнне ён змог праз пошту перадаць на волю, то паўсплывалі факты, якія выразна засведчылі, што супраць Жамчужнага КДБ праводзіў сваю аперацыю, падазраючы, што ён з’яўляецца замежным шпіёнам, што ён перадае нейкія суперважныя дадзеныя з Віцебска, з нейкага медвыцвярэзніка нейкай замежнай дзяржаве, ну поўны абсурд проста. Пасля таго, як гэтага давесці не атрымалася, яго прыцягнулі да адказнасці па іншых артыкулах, справакаваных КДБ.
На фоне пастаяннага парушэння правоў чалавека ў Беларусі санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў і кампаній павінны быць працягнутыя – працягвае лідар праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.
Прыгадаем, што ў кастрычніку 2015 года Еўразвяз на чатыры месяцы прыпыніў дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі, і цяпер у канцы лютага гэтае пытанне зноў абмяркуюць у Бруселі. Праваабаронца кажа, што санкцыі – гэта добры інструмент для ўплыву на стан з правамі чалавека ў краіне:
– Для нас гэта вельмі важна. Санкцыі для мяне асабіста не ёсць нейкай самамэтай, але як інструмент уплыву на сітуацыю ў Беларусі, каб яна не пагаршалася, а можа нават паляпшалася, у гэтым сэнс санкцый прысутнічае. Сапраўды, у канцы лютага сканчаецца гэты тэрмін, і пытанне Беларусі, хоць яно там ёсць пятае-дзясятае, так ці іначай у Бруселі павінны ўзняць. Вось для чаго важна, што санкцыі цалкам не знятыя. Сітуацыя з правамі чалавека не паляпшаецца, а мы, беларускія праваабаронцы, вызначылі такія маячкі, якія даюць ацэнку сітуацыі і якія не патрабуюць нейкіх кардынальных зменаў ад уладаў краіны, а толькі палітычнай волі. Гэта пытанне рэгістрацыі няўрадавых арганізацый і палітычных партый, пытанне смяротнага пакарання, пытанне свабоды дзейнасці незалежных журналістаў, пытанне ўмоваў для вяртання палітычных уцекачоў ды іншыя. Вось гэтыя пытанні патрабуюць толькі палітычнай волі, і для нас важна, каб гэтыя змены ішлі ў лепшым напрамку. Але калі гэтага не адбываецца, то мабыць адмяняць санкцыі рана. І варта, пэўна, пакінуць іх на наступны перыяд, можа нават і ў такім замарожаным стане.
Рада Еўразвязу часова прыпыніла замарожванне актываў і візавыя абмежаванні для 170 фізічных асоб, а таксама замарожванне актываў для трох прадпрыемстваў Беларусі. Гэтае рашэнне было прынятае ў адказ на вызваленне ў жніўні ўсіх беларускіх палітзняволеных і ў кантэксце паляпшэння адносін паміж Еўразвязам і Беларуссю. Алесь Бяляцкі лічыць, што ў святле таго, што ў краіне надалей парушаюцца правы чалавека, санкцыі зноў павінны быць працягнутыя.
Цалкам гутарка з лідарам праваабарочнага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім прагучыць на хвалях нашага радыё ў бліжэйшую нядзелю 31 студзеня, у публіцыстычнай перадачы “Мы бачым” у 18.40 паводле беларускага часу.
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Улада Грынеўскага