Алесь Бяляцкі: Прэмія стала маральнай падтрымкай для ўсяго беларускага народа
Алесь Бяляцкі і праваабарончы цэнтр “Вясна” сталі першымі беларускімі лаўрэатамі міжнароднай прэміі «За годны лад жыцця». Яна таксама вядома як «Альтэрнатыўная Нобелеўская прэмія». Лаўрэаты 2020-га году былі абвешчаны яшчэ першага кастрычніка, а ўрачыстае ўручэнне прэміі —трэцяга снежня, у Стакгольме.
Пра тое, як гэта адбывалася, размаўляем з „Госцем Рацыі” – старшынём праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесем Бяляцкім:
-Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, стала сур’ёзнай праблемай для Еўропы, для еўрапейскай супольнасці народаў. І вялікая ўвага была ў Швецыі прыцягнута да Беларусі – інтэрв’ю, відэа паказвалі ў гэтыя дні. Прэмія дала пэўны штуршок для таго, каб яшчэ раз нагадаць пра праблему з правамі чалавека ў Беларусі. І шведскае грамадства, і грамадскія і палітычныя колы зараз вельмі раскрытыя на гэтыя праблемы. Таму гэты прыз быў маральнай падтрымкай як для праваабаронцаў з праваабарончага цэнтра “Вясна”, так і для ўсяго беларускага народа, які зараз змагаецца за свае правы, за тое, каб „людзьмі звацца”.
РР: На ўрачыстым уручэнні гэтай прэміі з чатырох лаўрэатаў Вы толькі адзін змаглі даехаць. І, магчыма, увага таму была скіравана менавіта да Вас?
Алесь Бяляцкі: Гэта сапраўды так. І менавіта таму ўвага да Беларусі, так атрымалася суб’ектыўна, але ўвага да Беларусі была вельмі вялікая, таму што я быў там. А сама прэмія мае шырокую вядомасць якраз у Швецыі, Нямеччыне, Аўстрыі. Таму і інтэрв’ю журналістам, і цэлы тэлесюжэт нямецкай тэлекампаніі быў адзняты па сітуацыі з правамі чалавека ў звязку з уручэннем гэтай прэміі. Ранейшыя лаўрэаты прэміі перад уручэннем прынялі супольны ліст у падтрымку праваабаронцаў з “Вясны” Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, якія сядзяць у турме. Таксама іншы ліст прынялі дэпутаты Шведскага і Нямецкага парламентаў, і гэты ліст таксама падпісаў міністр замежных спраў Нямеччыны ў падтрымку беларускіх праваабаронцаў і з вялікім занепакаеннем сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Сама прэмія дае магчымасці трымаць актуальнымі пытанні з правамі чалавека ў Беларусі і на будучае таксама. Таму што гэта не разавая дзея. Гэта кола лаўрэатаў, якое працуе далей. І каманда, якая працуе з прэміяй, яна не пакідае лаўрэатаў і тыя праблемы, з якімі змагаюцца лаўрэаты. Таму можна сказаць, што праваабарончы цэнтр “Вясна” увайшоў у сям’ю, каманду аднадумцаў міжнароднага маштабу.
РР: Напярэдадні ўручэння прэміі, Вы сустрэліся з міністаркай замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ.
Алесь Бяляцкі: У нас была сустрэча ўжывую. Мы абмяняліся думкамі. Я распавядаў пра тое, што робіцца ў Беларусі, пра ціск на грамадзянскую супольнасць, на актывістаў, які ўзмацняецца. Улады не ідуць ні на якія перамовы. Дзейнічаюць з пазіцыі сілы і падаўляюць любыя пратэсты. Гэта з’яўляецца злачынствам супраь беларускага народа. Я ёй распавёў пра вялікі працэнт захворванняў на каронавірус вязняў, якія выходзяць з турмы. І гэта ніякім чынам не спыняе ўлады перад арыентацыяй суддзяў. Таму што відавочна, што суддзі выконваюць палітычны загад на такія арышты, дзе дадатковым пакараннем з’яўляецца заражэнне COVID-19. І гэтыя факты, думаю, былі для яе новыя. Тым больш, што зараз адбылася сустрэча міністраў замежных спраў краін ЕЗ, дзе таксама беларускае пытанне падымалася. І, я думаю, што гэта інфармацыя была важная для яе. І апроч таго, гэта быў знак пэўны таго, што шведскія палітыкі стала цікавяцца грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі. Нагадаю, што некалькі тыдняў таму ў Стакгольме была Святлана Ціханоўская, якая таксама сустракалася з Ан Ліндэ. І гэта гаворыць пра пастаянную ўвагу з боку палітычных колаў Швецыі да сітуацыі ў Беларусі.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: spring96.org