Алесь Бяляцкі: Прэзідэнцкія выбары пройдуць фармальна



“Тое, як пройдуць выбары-2015, будзе залежыць ад знешняй палітычнай і ўнутранай эканамічнай сітуацыі ў Беларусі”, – адзначае праваабаронца Алесь Бяляцкі.

bialiacki-vilnia-27.06.2014g

РР: Якімі вам бачацца прэзідэнцкія выбары-2015?

Алесь Бяляцкі: Па-першае, трэба сказаць, што ў нас сітуацыя дастаткова імкліва змяняецца. І праз год, падчас выбараў, можа быць зусім іншай, чым зараз. Таму сёння даваць нейкія доўгатэрміновыя стопрацэнтныя прагнозы бессэнсоўна. Усё будзе залежыць і ад знешняй палітычнай сітуацыі, і найперш – ад унутранай эканамічнай, бо, як мне падаецца, пасіўнасць беларускага грамадства выклікана аўтарытарызмам гэтага рэжыма і тым, што большасць людзей не бачаць магчымасці змяніць праз выбары сітуацыю. Людзі не вераць, што выбары праходзяць справядліва і абсалютна правільна робяць, што не вераць.

РР: Ці ёсць надзея, што гэтым разам грамадству прапануюць іншую схему выбараў, можа быць,больш дэмакратычную?

Алесь Бяляцкі: На мой погляд, меркаваць так вельмі легкадумна. Не верыцца, што выбарчы працэс пройдзе больш-менш справядліва. Што сітуацыя для кандыдатаў і ўвогуле ўсіх выбаршчыкаў будзе лягчэйшая. Краіна пад кантролем, людзі заціснуты кантрактамі. Увесь арганізм нашага народа пранізаны спецслужбамі, іншымі магчымасцямі ўплыва на лёс кожнага чалавека. Усе гэта адчуваюць. Сітуацыя крыху падобная на тую, што была ў СССР ў 70-80-я гады, калі ўсе механізмы дзяржавы былі накіраваны на тое, каб трымаць людзей у грамадскай няволі – маральнай і псіхалагічнай. Паўтаруся, зменаў няма, таму спадзявацца на справядлівыя выбары не даводзіцца. Калі не адбудуцца істотныя змены ў эканамічным плане (я маю на ўвазе эканамічны крызіс, які адразу абвастрае ўсе праблемы), то выбары ізноў пройдуць абсалютна фармальна. Права выбара па сутнасці не будзе.

РР: Але ж і апазіцыя зусім слабая ў краіне. Кожныя выбары яна наступае на адны і тыя ж граблі.

Алесь Бяляцкі: Праблема слабасці апазіцыі заключаецца ў пазіцыі ўлады. Калі б у краіне было б больш дэмакратыі ва ўсіх адносінах, тады значна весялей выглядала б і апазіцыі. І значна цікавей магла б прайсці гэтая выбарчая кампанія, бо трэба рэальнае спаборніцтва, якога зараз проста няма. У нас хутчэй шоу, чым выбары. Тым не менш, я не лічу, што справы ў гэтым плане зусім кепскія і што нічога не трэба рабіць. Нават у гэтай сітуацыя грамадскім і палітычным актывістам усё роўна трэба развіваць і даносіць свае ідэі да простых людзей, бо ад простых людзей залежыць лёс нашай краіны. Гэта банальна, але так і ёсць. Ёсць безліч прыкладаў, калі толькі народ, толькі мноства індывідуяльнасцей, якія аб’яднаны агульнай мэтай, паварочвалі грамадства ў лепшы бок. Так што я думаю, што нам трэба працаваць менавіта над якасцю беларускага грамадства. Бо не трэба забывацца, што яшчэ 30 гадоў таму людзі наогул былі заціснуты пры Саветах. Зараз значна больш доступу ў людзей да інфармацыі – праз Інтэрнэт, незалежныя СМІ… Трэба працаваць. Пад ляжачы камень вада не цячэ.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя