Алесь Бяляцкі: Слова з-за кратаў асабліва важкае
„Слова з-за кратаў асабліва важкае, таму пісаць у няволі я стараўся кожны дзень,” – сказаў сташыня Праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі падчас прэзентацыі сваёй новай кнігі. Збор твораў „Халоднае крыло Радзімы” быў прадстаўлены ў Менску на сядзібе Партыі БНФ.
Гэта вялікі том артыкулаў, эсэ, замалёвак, інтэрв’ю, успамінаў, якія распавядаюць аб грамадска-палітычным жыцці Беларусі за апошнія 30 гадоў. Амаль палова з іх напісаны ў няволі – ў следчым ізалятары ў Жодзіне і ў Бабруйскай калоніі, кажа Алесь Бяляцкі:
– Ёсць там матэрыялы, прысвечаныя дзейнасці моладзевых дэмакратычных арганізацый у другой палове 80-х гадоў. Успаміны, напрыклад, пра Дзяды 1988 году. Ёсць успаміны пра падзеі 90-х гадоў, “Чарнобыльскі шлях” 1996 года. І апошнія падзеі. Ёсць таксама ўрыўкі з лістоў, якія я пісаў з Бабруйскай калоніі, якія датычацца агульнай сітуацыі.
Таму кніга, па меркаванні Алеся Бяляцкага, атрымалася пэўным падручнікам па новай гісторыі Беларусі. Пісаць у калоніі было цяжка — вельмі не хапала часу. Але Бяляцкі стараўся пісаць кожны дзень. „Я пісаў з такім падтэкстам — паслаць пазітыўны сігнал на волю. Паслаць сігнал, што людзі павінны штосьці рабіць, не сядзець, склаўшы рукі, а працягваць сваё асабістае змаганне. Адным словам, спрабаваў зрабіць усё, што можна зрабіць у той сітуацыі,” – сказаў Алесь Бяляцкі.
[Not a valid template]
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота Андрэя Аляхновіча