Алесь Бяляцкі: У Беларусі небывалы ровень рэпрэсій 



77 чалавек прызнаныя палітвязнямі ў Беларусі. Гэта небывалы ровень рэпрэсіяў супраць беларусаў, каментуе старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

– Пакуль што я ня бачу ні жадання ўладаў спыніць рэпрэсіі, ні страху ў людзей, якія б гэтых рэпрэсій баяліся. Ідзе жорсткая барацьба за правы, за дэмакратыю, за вызваленне палітзняволеных. Мне падаецца, што толькі такім негвалтоўным супрацівам мы можам змяніць сітуацыю да лепшага. І тут трэба ісці на ахвяры, трэба ўпірацца, трэба рабіць усё што можна. І тады, думаю, у нас усё атрымаецца.

У сваю чаргу палітычны аналітык Валер Карбалевіч мяркуе, што момант, калі можна было вызваліць палітзняволеных, упушчаны:

 – Гэта было ў першыя дзесяць – пятнаццаць дзён пасля выбараў, калі ўлады былі ў разгубленасці, калі вялікая моц была ў пратэстуючых. Калі была пагроза страйкаў на прадпрыемствах, калі пэўныя працэсы адбываліся сярод наменклатуры. І Лукашэнку давялося на хаду мяняць і старшыню КДБ, і сакратара Рады бяспекі, і генеральнага пракурора.

Цяпер сітуацыя трохі іншая – улады перайшлі ў контрнаступ, зазначае Карбалевіч.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя