Алесь Бяляцкі: У краіне фактычна неаб’яўленае ваеннае становішча
Міжнародную федэрацыю хакея заклікаюць не праводзіць чэмпіянат свету па хакеі 2021 года ў Беларусі. Такую заяву прынялі супольна Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Прычына такога кроку — сітуацыя ў Беларусі, адзначае старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі:
– У нас фактычна неаб’яўленае ваеннае становішча. Гэта нельга назваць нармальнай сітуацыяй. Вялікія мерапрыемствы сусветнага значэння мусяць праводзіцца ў нармальнай грамадска-палітычнай сітуацыі. Сапраўды, спорт прыносіць радасць. Але мы на працягу гісторыі бачылі, што спорт актыўна выкарыстоўваецца аўтарытарнымі рэжымі ў сваіх інтарэсах. Класічны прыклад – фашысцкая Германія, якая праводзіла ў сябе алімпіяду і выкарыстала гэта ў падмацаванне сваёй ідэалогіі.
Алесь Бяляцкі нагадаў, што рабілася дзеля правядзення чэмпіянату свету ў 2014 годзе. Вуліцы сталіцы зачысцілі ад людзей “асацыяльнага складу жыцця”. Соткі людзей патрапілі ў турмы і СІЗА, сярод іх былі і палітычныя актывісты — бо ўлады баяліся правядзення масавых акцый падчас чэмпіянату.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск