Алесь Бяляцкі: Уладам будзе вельмі цяжка дабіцца прызнання выбараў
Праваабаронца Алесь Бяляцкі распавядае пра візіт Ярмошынай у Аўстрыю, пра пазіцыю Еўропы ў адносінах да беларускіх выбараў і неабходныя змены ў выбарчым заканадаўстве.
Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына і прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч 20 ліпеня выступілі ў Вене на канферэнцыі АБСЕ, прысвечанай ацэнцы міжнародных стандартаў і абавязацельстваў для правядзення свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў.
Як паведаміў Стэфановіч, у сваім выступленні Ярмошына спынілася на імплементацыі рэкамендацый АБСЕ ў выбарчае заканадаўства напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. «Новай была інфармацыя пра імплементацыю рэкамендацый па арганізацыі галасавання слабавідушчых. Апрача таго, Ярмошына нагадала, што 11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары, на якія ў якасці назіральнікаў запрошаныя прадстаўнікі міжнародных арганізацый», — зазначыў БелаПАН праваабаронца.
Сам Стэфановіч, выступаючы перад прысутнымі, падкрэсліў, што пры адсутнасці палітычнага плюралізму, ва ўмовах абмежавання свабоды асацыяцый і сходаў цяжка гаварыць пра дэмакратычныя выбары ў любой краіне.
Алесь Бяляцкі: Кепска тое, што Ярмошыну ўжо пускаюць у Еўропу. Невыязныя чыноўнікі шукаюць такія “дзіркі” ў заканадаўстве, каб праскочыць на рознага кшталту міжнародныя мерапрыемствы. Атрымліваецца, што санкцыі ўжо быццам і не дзейнічаюць. Тым больш, старшыня ЦВК паехала на канферэнцыю АБСЕ падчас выбарчай кампаніі, якая ўжо непразрыстая. Яна праходзіць у непразрыстай сітуацыі. Гэта гаворыць пра тое, што механізмы санкцый недасканалыя і не ахопліваюць усе выпадкі.
РР: А можа гэта Еўропа робіць беларускім уладам яшчэ адзін крок насустрач, паказвае сваю адкрытасць?
Алесь Бяляцкі: Гэта не першы выпадак, калі чыноўнікі з “чорнага спісу” трапляюць за мяжу – у ААН ездзяць, яшчэ некуды.
РР: На ваш погляд, ці можа Еўропа прызнаць гэтыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі?
Алесь Бяляцкі: Усё будзе залежыць, як яны пройдуць. Для таго ж назіральнікі АБСЕ ў краіну і прыехалі. Але ж выбарчае заканадаўства амаль не змянілася, рэкамендацыі місіі АБСЕ практычна не ўлічаны… Уладам будзе вельмі цяжка дабіцца прызнання выбараў. І гэта амаль немагчыма.
РР: А аванс могуць выдаць, як гэта было ў выпадку, калі Беларусь прынялі ў Балонскі працэс?
Алесь Бяляцкі: Аванаса не будзе, пакуль не будзе вынікаў выбараў, якія мусяць быць свабоднымі. Для гэтага трэба змяняць заканадаўства, што не зроблена. Касметычныя змены ва ўлік не бяруцца. Трэба рабіць празрыстай працэдуру падліку галасоў, трэба рабіць сам працэс больш дэмакратычным… Але ж выбары ўжо пачаліся, ніхто нічога змяняць не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя