Алесь Бяляцкі: Улады баяцца акцый у любым фармаце



У Менску, паводле назіральнікаў, на акцыю выйшлі ад 500 да 600 чалавек. Па папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, акцыя прайшла без затрыманняў, сказаў у нашым эфіры старшыня Праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі:

– Перад акцыяй уся прастора перад Кастрычніцкай плошчай і сама  плошча былі нашпігаваныя людзьмі ў цывільным. У акцыі ўдзельнічала некалькі сотняў чалавек, і праходзіла яна ў мірным фармаце. Пасля выступаў палітычных лідараў, удзельнікі акцыі прайшліся ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. Каля Чырвонага касцёла акцыя скончылася. За акцыяй назіралі валанцёры ПЦ “Вясна”, якія былі ў адмысловых сініх камізэльках. Па іхных звестках і маіх назіраннях, затрыманняў непасрэдна на праспекце не было. Але гэта ні пра што не гаворыць. Бо я непасрэдна бачыў, як журналісты праводзілі Паўла Севярынца, каб ён мог бяспечна сысці з праспекта. За ім следам ішло некалькі чалавек у цёмных куртках з пэўнай фізічнай выпраўкай. Відавочна, што яго суправаджалі супрацоўнікі міліцыі, апранутыя ў цывільнае.

 Пакуль што ніякіх трывожных звестак у нас няма. Выступоўцы пакуль не затрыманыя, але гэта не гаворыць пра тое, што спраць іх не будуць складзеныя пратаколы аб парушэнні заканадаўства аб сходах. Падчас акцый праз гукаўзмацняльнік міліцыя абвяшчала пра тое, што акцыя недазволеная. І супраць удзельнікаў могуць быць ужытыя адмысловыя сродкі. Гэта гаворыць пра тое, што фармальныя ўмовы міліцыя выканала, і трэба чакаць выклікаў у суд і судовых працэсаў.

РР: Як Вы ацэньваеце прэвентыўныя затрыманні ў рэгіёнах?

Алесь Бяляцкі: Затрыманні прайшлі ў многіх гарадах. Затрымлівалі тых людзей, якія падавалі заяўкі на правядзенне акцый і не атрымалі дазволаў. Людзей затрымлівалі па надуманых прычынах. Але я хацеў бы адзначыць, што ўлады перавышаюць свае паўнамоцтвы. У іх боязь акцый у любым фармаце, тым больш што 1 Мая ў нас заўсёды мела савецкі кантэкст. І ў гэты дзень прайшлі афіцыйныя акцыі, у тым ліку і ў Менску, афіцыйныя прафсаюзы збіраліся на праспекце Незалежнасці. Былі ўскладанні кветак да помніка Леніну. Хадзіла па Менску і знакамітая дзівачка з чырвоным сцягам. Тым не менш, страх, які выклікалі папярэднія сацыяльныя акцыі, якія адбыліся ў сакавіку, распаўсюджваецца і на такія постсавецкія акцыі. І актывістаў, якіх сёння затрымлівалі, – гэта, канешне, парушэнне  права на свабоду правядзення сходаў у Беларусі. І мы ацэньваем гэта вельмі негатыўна.

Падчас акцыі ў Менску затрыманняў не было. Але ў шэрагу гарадоў — у Гомелі, Магілёве, Слоніме, Баранавічах, Пінску і Берасьці адбыліся прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў. У Баранавічах і Берасьці 5 чалавек былі затрыманыя за тое, што трымалі ў руках чыстыя лісты паперы.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.

Фота tut.by