Алесь Бяляцкі выступіць з дакладам на форуме “Усходняга партнёрства”



Праграма “Усходняе партнёрства” была створана сем гадоў таму для развіцця інтэграцыйных сувязяў Еўразвяза з шасцю краінамі былога СССР: Украінай, Малдовай, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй і Беларуссю. Аднак пастаўленыя задачы дагэтуль не выкананы, – лічыць праваабаронца Алесь Бяляцкі. На форуме ён збіраецца паставіць пытанне, ці беларуская грамадзянская супольнасць сапраўды мае ўплыў на палітыку  “Усходняга партнёрства”:

– Наш форум будзе адбывацца фактычна адасоблена ад сур’ёзных палітычных сустрэч. Трэба сказаць, што такі фармат вельмі падыходзіць для беларускіх уладаў. Яны не заўважаюць тых праблемаў і тых пытанняў, якія ставіць грамадзянская супольнасць Беларусі, і ў той жа час актыўна прасоўваюць свае эканамічныя інтарэсы, выкарыстоўваючы «Усходняе партнёрства» для ўмацавання нейкіх сваіх дзяржаўных праграм, якія ўмацоўваюць гэтую ўладу. Канфлікт інтарэсаў, якія закладзены на сённяшні дзень  і снуе ва «Усходнім партнёрстве», будзе абмяркоўвацца ў першую чаргу на Форуме грамадзянскай супольнасці, на якой мы будзем прысутнічаць.

РР: Ці будзе талераваць Захад Аляксандра Лукашэнку як Эльхама Аліева?

Алесь Бяляцкі: Такая небяспека ёсць. Азербайджанскія ўлады праводзяць масавыя рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў, супраць праваабаронцаў. Сотні людзей сядзяць у турмах, адбываюцца несправядлівыя суды, а тысячы вымушаны былі эміграваць і проста хаваюцца зараз. Тым не менш, Аліеў з’яўляецца агульнапрынятым прэзідэнтам, ён верагодна і ў Рызе будзе на саміце «Усходняга партнёрства», нягледзячы на той ровень рэпрэсій, якія адбываюцца ў Азербайджане. Адная з асноўных задач і беларускіх праваабаронцаў, і беларускіх актывістаў  -давесці палітыкам ЕЗ і нашым сябрам і партнёрам, прадстаўнікам няўрадавых арганізацый, якія жывуць і працуюць у Еўразвязе, што стандарты адносінаў да Беларусі, да нашай унутранай сітуацыі мусяць быць такімі ж як і ў Еўразвязе. Раз Беларусь – еўрапейская краіна, то не можа быць двайных стандартаў.

РР: Калі адбудзецца пацяпленне адносін паміж афіцыйным Менскам і Еўропай, як гэта скажацца на палітвязнях.

Алесь Бяляцкі: Пакуль у Беларусі існуюць палітзняволеныя, сур’ёзнага пацяплення палітычных і эканамічных адносінаў у Беларусі не будзе адбывацца.  Але ёсць небяспека таго, што адбываецца паступовая дэфузія патрабаванняў, узровень кантактаў, у тым ліку і эканамічных, павялічваецца. А само пытанне становіцца ўжо не такім прынцыповым, якім яно было, скажам, 2-3 гады таму. З гэтым трэба працаваць і нагадваць еўрапалітыкам пра тое, што ў Беларусі застаюцца палітвязні, што іхныя ўмовы знаходжання ў турме становяцца яшчэ больш жорсткімі. Чарговыя тэрміны і чарговыя перасуды – усё гэта гаворыць пра тое, што беларускія ўлады з аднаго боку інтэнсіўна вядуць перамовы з ЕЗ, спадзеючыся атрымаць нейкія эканамічныя выгоды і прывілеі, а з другога – яны ўжо пачалі рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў.

У краіне ўжо пачалі «закручвацца гайкі». Пасылаюцца ясныя сігналы грамадскім актывістам, што калі будзе вялікая гарамадская актыўнасць, то вельмі верагодна, што будуць і рэпрэсіі. Фактычна нежаданне выпусціць палітвязняў , хоць іх у нас здавалася б невялікая колькасць  – 6 чалавек, але гэта ёсць сігнал для беларускіх грамадскіх актывістаў – глядзіце, з кожным з вас можа здарыцца тое ж самае.

Канферэнцыя грамадзянскай супольнасці ў межах саміту “Усходняга партнёрства” пройдзе ў Рызе 21-22 траўня.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Цалкам слухайце гутарку ў далучаным гукавым файле.

Фота spring96.org