Алесь Бяляцкі выступіў на паседжанні Рады ААН у Жэневе (абноўлена)
5-га cакавіка віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выступіў на 28-й сесіі Рады па правах чалавека ААН ў Жэневе.
Алесь Бяляцкі адзначыў, што ў свеце працягваецца наступ на грамадзянскую супольнасць, а праваабаронцы і грамадскія актывісты пераследуюцца:
– Нягледзячы на прынятую Саветам два гады таму Рэзалюцыю і іншыя міжнародныя стандарты, прастора для дзейнасці грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у свеце знаходзіцца пад пагрозай ці скарачаецца. Рэпрэсіўныя рэжымы кідаюць за краты мірных актывістаў па розных сфабрыкаваных абвінавачваннях. Камітэт па правах чалавека прызнаў маё зняволенне прамым следствам парушэння майго права на свабоду аб’яднанняў. Маніпуляцыі з унутраным заканадаўствам краін супраць праваабаронцаў не могуць схаваць ад міжнароднай супольнасці найгрубейшых парушэнняў правоў чалавека.
У сваім троххвілінным выступе Алесь Бяляцкі таксама заклікаў працягнуць мантады спецыяльных дакладчыкаў Рады па паасобных краінах. Тым самым звяртаць увагу свету на парушэнне правоў чалавека.
У сваім выступе Алесь Бяляцкі таксама асудзіў забойства расейскага палітыка Барыса Нямцова ды заклікаў да аб’ектыўнага следства па гэтай справе.
* * *
У сваім выступе Алесь Бяляцкі змог раскрыць важнасць дзейнасці праваабаронцаў і праблемы пераследу праваабаронцаў і сацыяльных актывістаў у Беларусі і свеце, паведамляе Тацяна Равяка:
– Гэта высокага ўзроўню пляцоўка для таго, каб прадставіць краіну і праўдзівую сітуацыю, не прыхаваную, як робіць гэта афіцыйная дэлегацыя. Быць пачутым на такім узроўні – гэта вельмі важна.
Сесія СПЧ ААН праходзіць 2—27 сакавіка ў Жэневе. У гэтым годзе 4 траўня сітуацыя ў Беларусі будзе разглядацца ў рамках працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду ААН і абмяркоўвацца ў чэрвені на 29-й сесіі Рады па правах чалавека.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота facebook.com