Алесь Бяляцкі заклікаў Еўразвяз працягваць ціск на беларускія ўлады
Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі разам са спецдакладчыкам ААН па Беларусі Міклашам Харашці ўзялі ўдзел у пасяджэнні падкамітэту па правах чалавека Еўрапарламенту.
Беларускі праваабаронца заклікаў Еўразвяз працягваць ціск на беларускія ўлады:
– Пакет санкцый, якія былі прынятыя ў 2011 годзе, застаюцца актуальным да таго часу, пакуль у Беларусі застаюцца палітычныя зняволеныя. Яшчэ цяпер у турме знаходзіцца адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, які прымаў удзел у выбарах 2010 года – Мікалай Статкевіч. У лістападзе гэтага года ў нас чарговая выбарчая кампанія, але яшчэ са “старымі” праблемамі беларускія ўлады не разлічыліся. Таму няма ніякага рэзону адмяняць санкцыі.
Алесь Бяляцкі падзякаваў Еўрапарламенту за падтрымку грамадскіх і палітычных актывістаў Беларусі, і ў прыватнасці тых, хто трапляў у апошнія гады пад кола рэпрэсій.
“Рэзалюцыі Парламента Еўрапейскага Саюзу, дзе таксама ўзгадвалася і маё імя, з’яўляюцца вельмі важнымі для абмежавання тых рэпрэсій, якія адбываюцца ў Беларусі”, – адзначыў праваабаронца ў сваім выступе.
***
Сёння ёсць небяспека змены падыходу да праблемаў дэмакратыі ў Беларусі з боку Еўропы, мяркуе беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Пра гэта ён гаварыў у лютым 2015 года падчас сустрэчы беларускай грамадзянскай супольнасці з латвійскім міністрам замежных спраў Эдгарсам Рынкевічсам.
Мы выказвалі занепакоенасць тым, што геапалітычныя працэсы ва Усходняй Еўропе прыводзяць да змены стаўлення да афіцыйнага Менску з боку Брусэля, кажа старшыня Праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі.
– Нам бы вельмі і вельмі непажадана было бы і гэтага нельга дапускаць, каб з аднаго боку сітуацыя ў краіне кансервавалася, каб тут быў суцэльны холад у плане дэмакратыі і правоў чалавека не адбывалася ніякіх пазітыўных зменаў, але з другога боку шлюзы паміж Еўрзвязам і Беларуссю, у першую чаргу эканамічныя адносіны не адчыняліся без выканання ўмоваў, сфармуляваных Еўразвязам яшчэ ў 2011 годзе.
Санкцыі ЕЗ, уведзеныя пасля разгону акцыі пратэсту ў Менску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, дагэтуль дзейнічаюць у адносінах да больш як сотні беларускіх чыноўнікаў. Умовай зняцця санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў Брусэль называе вызваленне усіх 6 беларускіх палітвязняў.
Беларускае Радыё Рацыя