Алесь Чайчыц: Прыгожын выступае такім праўдарубам
У нашым эфіры пабываў Алесь Чайчыц – сакратар Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, публіцыст і беларускі журналіст, які працяглы час працаваў у Маскве.
РР: Першае пытанне асабістае, спалі вы ноччу ці сачылі за падзеямі ў Расеі?
– Сачыў да даволі позняй ночы, але потым вырашыў спаць. Падзеі не так хутка разгортваюцца, але разгортваюцца цягам некалькіх гадзін.
РР: Ці чакалі вы менавіта на такое? Ён жа наспяваў ужо не адзін месяц.
– Яно наспявала і гэта ў прынцыпе было чакана, што яно выльецца ў такое. Усё ж такі здавалася, што гэты рэплікі і выказванні накіраваныя на Пуціна, што ён усё ж такі вымусіць Пуціна адрэагаваць. Што ён дасягне таго, што Пуцін прыме нейкія кадравыя рашэнні ці зробіць нейкую ласку Прыгожыну, каб ягоны патрабаванні былі выкананыя. Гэтага зроблена не было і таму маем тое, што маем.
РР: У сённяшняй рыторыцы Прыгожына няма адкрыта антыпуцінскіх заяў, уся яго ўмоўная агрэсія скіравана супраць высокапасадоцаў Мінабароны РФ.
– Прыгожын хоць першапачаткова і чалавек Пуціна, ён крэатура Пуціна ў сваім цяперашнім статусе, але гэта чалавек, які па сваёй дэманічнасці, па сваіх інтэлектуальных здольнасцях, ён на галаву вышэй і Пуціна, і Шайгу, і ўсёй вярхушкі гэтага рэжыму. Таму ён вельмі небяспечны для Пуціна і Пуцін гэтага не ўсведамляў да самага канца.
РР: То бок гэта чалавек такога авантурнага складу?
– Так, авантурнага складу, з арганізацыйнымі здольнасцямі, з цяжкім лёсам, цяжкі жыццём, праз што ён прайшоў, таму ён з такім унутраным стрыжнем. Вельмі небяспечны чалавек, вельмі дэманічны. Пры гэтым ён, як я казаў, па ўсім бачна, што інтэлектуальна ўдвая лепшы стратэг за ўсіх пуцінскіх генералаў і за самога Пуціна. Калі ён зараз выступаў, калі вы звярнулі ўвагу, як у яго блыталіся словы, як ён увесь трымцеў і няўпэўнена выглядаў. Канешне гэта вялікі непрыемны сюрпрыз для яго. Прыгожын зацеяў гульню, мне вельмі цікава на што ён разлічвае, а на нешта ён павінен разлічваць. Нават у сітуацыі, калі ён з 25-тысячным войскам, як ён сам заяўляе, супрацьстаіць усёй арміі Расеі. Але мы ведаем якасць арміі Расеі, якая падлягае карупцыі, дэмаралізаваная. Невядомая ступень сімпатыі да Прыгожына, магчыма яны вельмі вялікія, бо Прыгожын выступае такім праўдарубам. У нечым ён апошнім часам выступае, як Навальны для гэтай агрэсіўнай, імперскай аўдыторыі. Ён кажа праўду-матку на ўвесь свет. Тое, што ўсе самі бачаць на свае вочы і з чым яны пагаджаюцца, а тут выйшаў нейкі смелы чалавек, які кажа гэта адкрыта, але пры гэтым гэта не маскоўскі хіпстэр, як Навальны. Гэта грубы мужык, бандыт, які адсядзеў, з матам кажа, вельмі блізкі вялікай колькасці людзей ў Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя