Алесь Чайчыц: Расея застаецца інструментам захавання ўлады Лукашэнкі



“Перадусім гэта “паказуха” і дэманстраванне сваёй лаяльнасці Расеі”, – апошнія падзеі ў Беларусі пракаментаваў у нашым эфіры беларускі журналіст і публіцыст з Масквы Алесь Чайчыц. З ім гутарыў наш карэспандэнт Стась Дадэрка.

РР: Ці можаце вы падзяліцца высновамі ад апошняй сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу?

Алесь Чайчыц: Відавочна, што працягваецца гандаль вакол выкананняў, якія нібыта Лукашэнка зрабіў расейцам наконт канстытуцыйнай рэформы, наконт паступовага цэнтралізаванага адыходу Лукашэнкі ад улады. Ягоная пазіцыя выглядае зараз больш упэўненай, зважаючы на тую хвалю рэпрэсій і тэрору супраць незалежнай грамадскасці ў Беларусі. Ён пачувае сябе больш упэўнена і пачувае менш абавязаным выконваць абяцанае, ён гэта рабіць не хоча. Але Расея не можа сабе дазволіць значных крокаў супраць, таму што і без таго зашмат часу ў міжнароднай палітыцы Расея вымушаная дзейнічаць ва Украіне, і Захад і вось цяпер Афганістан. Таксама гарачай кропкай робіцца, дзе ідзе вялікі дыпламатычны торг.

РР: А пад абяцаннямі вы маеце на ўвазе сочынскія дамоўленасці, дасягнутыя ў верасні мінулага года? Таксама такія непублічныя дамоўленасці наконт змены Канстытуцыі?

Алесь Чайчыц: Так, і прычым гэтыя дамоўленасці ўсе непублічныя, мы пра ўсе іх разважаем толькі на падставе нейкіх чутак, нейкіх зліваў, нейкіх намёкаў. З таго, што рэальна мы бачым, – бачым, што Расея працягвае выдаваць грошы, яна не можа адпусціць Лукашэнку, яна можа звяртацца да ціску, які робіць лукашэнкаўскі рэжым на грамадзянскую супольнасць.  І спрабуе нешта выйграць, падтрымліваючы яго надалей матэрыяльна.

РР: Хоць былі такія спадзяванні, што Байдэн з  Пуціным падчас сустрэчы пра нешта такое дамовіліся таемнае, што нібыта яны будуць вырашаць беларускае пытанне.  Але відавочна, што ўсё застаецца, як і было.  І, дарэчы, вось палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч піша, што Лукашэнка прадае Расеі сваю агрэсіўную антызаходнюю  пазіцыю. А для Масквы гэта, магчыма, сёння самы каштоўны тавар. Ці пагодзіцеся вы з такой высновай?

Алесь Чайчыц: Ён бы хацеў гэты тавар прадаваць. Я думаю, што ў Расеі добра разумеюць, што гэта такая паказуха, і перадусім для Расеі. Дэманстараванне сваёй лаяльнасці Расеі. На справах Лукашэнка не ва ўсім робіць тое, што Расея ад яго хацела. І для яго галоўная каштоўнасць – гэта яго персанальная ўлада. А вось уся гэтая антызаходняя рыторыка і ўся гэтая прасавецкая і славянафільская  рыторыка – больш такі антураж, у якім ён гэта робіць. Гэта проста нейкі вобраз і натуральная для яго культурная абалонка ўсяго гэтага. А рэальна ён робіць усё тое, што патрэбна для захавання яго ўлады. А Расея была і застаецца інструментам захавання гэтай улады.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя