Алесь Чахольскі: Судзіць трэба не кнігі Пазьняка, а нашчадкаў НКВД
У кнігах Зянона Пазняка „Добрая фатаграфія” і „Абарона Курапатаў” экспертная камісія Берасцейскай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі знайшла прыкметы праяў экстрэмізму. Гэтыя кнігі адказны сакратар Беларускай Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі вёз з Варшавы. Аднак яны былі затрыманыя 27 верасня на берасцейскай мытні і накіраваныя на экспертызу. Зараз мытня звярнулася ў суд Маскоўскага раёна Берасця аб прызнанні дадзеных выданняў экстрэмісцкімі. Па меркаванню Чахольскага, вынікі экспертызы з’яўляюцца палітычна матываванымі.
– Праз 27 гадоў пасля таго, як старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адражэння”, а цяпер Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ напісаў артыкул “Курапаты – дарога смерці”. І было ўзрушэнне. Народ урэшце даведаўся, дзе расейскія бальшавікі, расейскае НКВД расстрэльвалі беларусаў. Гэта ахвяры людажэрнага бальшавіцкага рыжыму. А зараз кіруюць нашчадкі тых, хто страляў у патыліцу. Яны праз 27 гадоў так вось дробна помсцяць.
Па словах Алеся Чахольскага, неабходны суд. Але не за кнігі аб масавых забойствах беларусаў. А над тымі, хто гэтыя рэпрэсіі рыхтаваў і ажыццяўляў. „ЧК, НКВД, КГБ СССР – гэта тэрарыстычныя арганізацыі, якія трэба судзіць. Без такога суду не можа быць далейшага нармальнага развіцця нашай краіны,” – лічыць Алесь Чахольскі.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя