Алесь Кіркевіч: “Чарнобыльскі шлях” трэба ладзіць па-іншаму
Публіцыст і былы палітвязень Алесь Кіркевіч прапануе беларускім палітыкам змяніць фармат правядзення вулічных акцый. На яго думку, пераломным момантам у правядзенні вулічных акцый стала правядзенне вялікага канцэрта-мітынга ў Менску 25 сакавіка 2018 года.
– Далейшыя календарныя даты вулічнай актыўнасці – “Чарнобыльскі шлях”, “Дзяды” адзначаць менавіта ў гэтым фармаце. Для “Чарнобыльскага шляху” быў бы падыходзячым фармат канцэрта-рэквіема, менавіта датычнага да гэтай падзеі. Не да піяра нейкіх паліт-структураў. То бок гэта была б дата, калі мы ўсе ўзгадалі б наш нацыянальны боль – Чарнобыльскую катастрофу, дзе магла б выступіць Алексіевіч, ліквідатары, дзе мог быць анлайн, ці стрым з зону адчужэння. І такі фармат, на маю думку, быў бы цікавым для тых, хто прыйдзе на такую акцыю.
На думку Алеся Кіркевіча, беларускаму грамадству даспадобы акцыі ў выгладзе канцэртаў-мітынгаў.
– Мне здаецца, што большасць людзей паказалі свой настрой, паказалі свой намер і гэта намер на беларусізацыю менавіта такога фармату, беларусізацыю без канфлікта, без экстрыма. Беларусізацыю ў легальным фармаце. Гэта дало б пазітыўны плён. Плады мінулых апазіцыйных акцый 25 сакавіка, на жаль, даволі сумныя і скрушныя. Гэта затрыманні, збіццё, аўтазакі. У гэтым годзе атрымалася дасягнуць пэўнага прарыву, калі людзі выйшлі, калі людзі атрымалі зарад пазітыву, калі людзі разышліся пасля акцыі з пазітыўнымі эмоцыямі.
Па словах Алеся Кіркевіча заўсёды будуць аматары правядзення несанкцыянаваных акцый у розных гарадах Беларусі, але іх колькасць паступова будзе змяншацца.
Беларускае Радыё Рацыя