Алесь Краўцэвіч: Лукашэнка праводзіць апантаную русіфікатарскую палітыку
Нягледзячы на ўсе шматлікія чыннікі, якія выціскаюць дзяржаўную беларускую мову з масавага ўжытку, яна не знікае, а нават абнадзейвае яе прыхільнікаў. Апошні перапіс насельніцтва 2019 года паказвае, што ў некаторых раёнах Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцяў яна застаецца пераважнай.
Гутарым на гэтую тэму з адмысловым „Госцем Рацыі” – прафесарам Алесем Краўцэвічам:
– Я ўважліва сачу за ўсімі перапісамі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, таму што для мяне пытанне мовы вельмі важнае. Таму што я лічу, што без мовы няма нацыі. І я беларускамоўны беларус, які прапагандуе беларускую мову. І калі гаварыць пра вынікі апошняга перапісу, я думаў, што будзе горш.
РР: Сапраўды, усе думалі, што будзе горш. І ўсе, здавалася б, аб’ектыўныя чыннікі на гэта працавалі. Як, на вашую думку, чаму раптам адбыліся такія змены? Ці гэта зноў з’яўляецца элементам пэўнай фальсіфікацыі і падцягваннем коўдры для таго, каб паказаць вонкаваму гледачу, перадусім, што Беларусь існуе, што ёсць беларускі наратыў, ці гэта ўнутраныя змены? Але ў чым гэтыя суб’ектыўныя фактары?
Алесь Краўцэвіч: Я лічу, што галоўная прычыны ў такой цяжкай сітуацыі з беларускай мовай – гэта чыннікі не аб’ектыўныя, а суб’ектыўныя. Таму што ў нас фактычна не беларуская ўлада, не беларуская дзяржава. І гэты чыннік мае персаналію – гэта Аляксандр Лукашэнка. Ён цягам усяго свайго праўлення без зменаў праводзіў вельмі жорсткую русіфікатарскую апантаную палітыку, каторая была горш у многіх аспектах, чым нават русіфікатарская палітыка часоў Савецкага Саюза. Гэта якраз такі гістарычны прыклад уздзеяння суб’ектыўнага фактара. Для мяне здзіўленне выклікае тое, што нягледзячы на гэтую апантаную русіфікацыю, якая праводзіцца рэгулярна, пачынаючы ад Лукашэнкі і канчаючы апошнім чыноўнікам, беларусы не паддаліся і не сышлі ў нябыт. І гэта я звязваю, напрыклад, з гэтымі пратэстнымі рухамі, рэвалюцыяй, таму што насуперак гэтаму гвалту азіяцкаму, антынацыянальнаму сфарміравалася грамадзянская супольнасць.
Беларусы зразумелі, што няма чаго спадзявацца на дзяржаву. Гэтая дзяржава не беларуская і не людская. Дзяржава не дапаможа весці бізнес, а здзярэ апошнюю кашулю. Дзяржава не дапаможа захаваць сваю культуру і мову. Трэба спадзявацца толькі на сябе. І пачаліся прыватныя выдавецтвы беларускай літаратуры, курсы “Мова Нанова”, студэнцкія рухі, індывідуальныя асэнсаванні, калі чалавек гаворыць – я хачу быць беларусам, я буду беларусам і буду гаварыць па-беларуску насуперак гэтай дзяржаўнай палітыцы. І тое што зараз мы бачым такі ўсплёск рэвалюцыі ў Беларусі – гэта таксама праява гэтай беларускай нацыі. Моладзь загаварыла па-беларуску. Маладыя людзі востра адчуваюць несправядлівасць. Яны хочуць жыць у праўдзе. І вось яны, каб стаць беларусамі, гавораць па-беларуску. І гэта праўда.
Я ўсцешаны, што ўсё ж такі хоць трохі, але колькасць людзей, якія дэкларавалі, што гавораць па-беларуску, павялічылася ў параўнанні з папярэднім перапісам. І для мяне вось гэта праява глыбіннага беларускага характару. На беларуса ціснуць, а ён не паддаецца. Ён не будзе крычаць, афішаваць, але ён будзе супраціўляцца. Як зараз – уперліся рогам і выходзяць, выходзяць, выходзяць… Курсы “Мова Нанова”, дома пачынаюць гаварыць па-беларуску. Я кажу пра людзей, якія маюць свядомасць, якія маюць інтэлект. У кожнай краіне, як і ў Беларусі, ёсць вельмі шмат людзей, якія як статак – што ў галаву ўкладзе тэлебачанне, тое яны і робяць. Мы гаворым пра актыўную частку грамадства, якая будуе краіну. Я зараз не ведаю дакладна, гэта пакажа будучыня, гэтага працэнту беларускамоўных, які застаўся пасля гэтай страшнай русіфікацыі, ці хопіць для таго, каб гэтая мова ажыла? Ці гэта будзе почка вясенняя, з якой распусціцца дрэва, ці ў яго карэнні моцна так падсечаны, што яно засохне. Але ўсе намаганні буду прыкладаць, каб гэтая почка расцвіла.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня