Расейцам баліць фантом за імперыю, як ампутаваная рука (абноўлена)
Без адмовы ад імперыі і пакаяння, Расея не зможа прывабіць былыя калоніі. Мяркуе беларускі гісторык прафесар Алесь Краўцэвіч.
Паводле навукоўца гісторыя мае прыклады цывілізаванага развітання з імперскасцю. Брытанія сама адмовілася ад калоній пасля Другой сусветнай вайны, і сёння так званы „брытанскі свет” не палохае былыя калоніі, кажа беларускі гісторык:
– Што зрабілі брытанцы пасля другой Сусветнай вайны? Ад каланіяльнай сістэмы свядома рашуча адмовіліся. Расейцы не могуць гэтага зрабіць. Расейцы не пакаяліся за Савецкую імперыю. Расейцам баліць фантом за імперыю, як баліць ампутаваная рука. Яе няма, але яна баліць.
Высокапастаўленыя кіраўнікі Расеі неаднаразова называлі найбольшай трагедыяй 20 стагоддзя развал Савецкага Саюза. Расея правяла анексію Крыму і спрычынілася да ўзброенага канфлікту на Усходзе Украіны. Уладзімір Пуцін у адной са сваіх прамоваў абвесціў, што Расея мае права ўмешвацца ў справы замежных краінаў, дзе пражываюць расейцы або расейскамоўныя грамадзяне.
Менавіта таму з прапагандай так званага „рускага свету” ў Беларусі трэба змагацца контрпрапагандай, заявіў у эфіры нашага радыё беларускі гісторык Алесь Краўцэвіч. Менавіта расейскі СМІ паводле гісторыка з’яўляюцца важным элементам распаўсюду „расейскіх імперскіх ідэй у Беларусі”.
„Каб супрацьстаяць маскоўскай прапагандзе трэба так, як у Літве, спыніць вяшчанне расейскіх тэлеканалаў на тэрыторыі краіны”, – лічыць Алесь Краўцэвіч:
– Хто хоча, хай шукае ў інтэрнэце – у саталітарнай прасторы. Другое, патрэбна арганізаваная прапаганда нацыянальнай каштоўнасці, нацыянальнай гісторыі Беларусі. У нас няма ў Беларусі, напрыклад, каардынацыйнага цэнтра гістарычнай навукі. Кожны піша, што хоча і як хоча, у залежнасці ад кан’юктуры. І гэта вялікая праблема.
Расейскія нацыяналістычныя медыя рэсурсы неаднаразова заклікалі Крэмль анексаваць Беларусь. Некалькі тыдняў таму расейскія нацыяналісты вылучылі тэрытарыяльныя прэтэнзіі наконт Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскіх абласцей, якія нібыта „несправядліва” былі перададзеныя Беларусі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя