Алесь Лагвінец: Беларусам варта падзякаваць Польшчы
Польшча „развітваецца з Гедройцам” такое меркаванне выказала Катажына Пэлчыньска-Налэнч, дырэктар праграмы „Адкрытая Еўропа” ў Фондзе імя Стэфана Баторыя. Былая віцэ-міністр замежных спраў Польшчы ў сваім артыкуле крытыкуе змены ў падыходзе да краін Усходняй Еўропы, у тым ліку Беларусі. Як адзначыла Катажына Пэлчыньска-Налэнч, доўгі час Польшча кіравалася канцэпцыяй Ежы Гедройца, які выступаў за шырокую падтрымку незалежнасці Літвы, Украіны і Беларусі, што павялічвала б бяспеку Польшчы, а рашэнне МЗС датычнае „Белсата” – поўнае запярэчванне такой канцэпцыі.
Змены ў стасунку да Беларусі заўважныя і беларускай грамадзянскай супольнасці, адзначыў у нашым эфіры палітолаг Алесь Лагвінец:
– Адбываюцца змены ў тым, што тычыцца супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі арганізацыямі. Супрацоўніцтва азначае таксама пэўную падтрымку і пэўныя праекты, гэтыя праекты, як абвяшчаецца, і ўжо ёсць канкрэтныя рашэнні, колькасць праектаў, колькасць падтрымкі скарачаецца. Палітыка – гэта не толькі дэкларацыі, палітыка – гэта таксама пераразмеркаванне сродкаў, куды ідуць спродкі. Палітыка – гэта таксама тое, якім чынам адбываецца ўзаемадзеянне з іншымі асяродкамі ўлады, альбо ўнутры краіны, альбо краіны на якую скіравана замежная палітыка.
Поўная гутарка з палітолагам Алесем Лагвінцом у гукавым файле.
Пры гэтым Алесь Лагвінец адзначыў, што беларусам варта падзякаваць Польшчы за дапамогу і шматгадовую падтрымку. Паводле палітолага, беларусам варта шукаць рэзервы ўнутры Беларусі і Польшчы, каб супрацоўніцтва паміж беларусамі і палякамі развівалася.
Зміцер Косцін, Беларускае Рады Рацыя