Алесь Лагвінец: Большасць французаў выбіраюць Еўропу



У Францыі прайшлі прэзідэнцкія выбары, у выніку якіх у другі тур прайшлі беспартыйны цэнтрыст Эмануэль Макрон і еўраскептык і нацыяналістка Марын Ле Пен.

Гэтыя выбары паказалі якім шляхам пойдзе адна з краін-лідараў Еўразвяза, заўважыў у нашым эфіры палітолаг Алесь Лагвінец.

РР: Былі такія каментары, што яны вырашальныя для Еўропы, а былі і такія, што гэта будуць непрадказальныя выбары, паколькі альбо Марын Ле Пен пераможа, альбо Эмануэль Макрон. Назіраючы за гэтымі выбарамі, якія былі вашыя прагнозы, і што вы думаеце? Ці сапраўды гэтыя выбары можна называць такімі вырашальнымі для Францыі, для ўсёй Еўропы?

Алесь Лагвінец: Кожныя выбары могуць быць вырашальнымі, паколькі яны могуць прывесці да нейкіх зменаў. У дадзеным кантэксце відавочна, што чаканні даволі вялікія. Што будзе ў адной з краін-лідараў Еўрапейскага Звяза, якім шляхам яна пойдзе, ці папулізм, які апанаваў шмат якія дэмакратычныя краіны, будзе пашырацца і ў Францыі. Што будзе з Еўрапейскім Звязам, бо Францыя ключавая краіна. Можна сказаць, што калі адсочваць тыя апытанні грамадскай думкі, якія былі напярэдадні, то ў прынцыпе нічога нечаканага не адбылося, усё гэта было прадказальна. Што ёсць сапраўды новым – гэта тое, што традыцыйныя партыі правага і левага цэнтра атрымалі даволі вялікую паразу. Яшчэ некалькі месяцаў таму ўсе чакалі, што практычна аўтаматычна кандыдат ад правацэнтрыстаў, ад парыі, якая называецца “Рэспубліканская”, будзе абраны прэзідэнтам. Але мы бачым, што ёсць, і ў Францыі гэта таксама праявілася, пэўная стомленасць ад традыцыйнай палітыкі. Ёсць пэўны недавер да істэблішменту або традыцыйнай палітычнай эліты. Мы бачым, што на авансцэну выходзяць маладзейшыя палітыкі, у якіх ёсць жаданне штосьці мяняць. Тут пытанне, ці з’яўляюцца яны пераканаўчымі для сваіх выбаршчыкаў. Таксама па ўчорашніх выніках у Францыі, нягледзячы на тое, што першым быў Эмануэль Макрон, усё ж такі адбываецца такая большая палярызацыя палітычных поглядаў. Раней лічылася, што ў такіх усталяваных дэмакратыях усё ж такі ў палітычным жыцці дамінуе левы ці правы цэнтр. Тут калі паглядзець, то першае, што ёсць – гэта новы палітык, які акрэслівае сябе крыху пазасістэмным. Ёсць таксама іншая тэндэнцыя, якая ўсё ж такі выклікае вялікую занепакоенасць, гэта тое, што скрайне левыя і правыя погляды карыстаюцца падтрымкай даволі вялікай колькасці людзей. Калі скласці галасы Меляншона і Ле Пен, то атрымліваецца больш за 40% выбаршчыкаў Францыі, якія лічаць, што прапануючы вельмі простыя, прымітыўныя вырашэнні складаных праблем, можна шмат чаго дасягнуць.

РР: Таксама падкрэсліваецца, што Макрон не належыць ні да якой палітычнай партыі. Гэта можа быць тэндэнцыя ў Еўропе, калі выбаршчыкі будуць галасаваць за такіх непартыйных, неакрэсленых лідараў.

Алесь Лагвінец: Пра крызіс палітычных партый казалі даўно, тут пытанне сапраўды таго, што ёсць чаканне чагосьці новага. У свой час Барак Абама выйграў выбары ў Злучаных Штатах, паколькі ён не атаясамліваўся з большасцю вашынгтонскай эліты, з ёй атаясамлівалася іншая кандыдатка ад дэмакратаў. Паглядзіце што адбылося летась у Злучаных Штатах. Ёсць пэўная стомленасць у грамадзян усталяваных дэмакратый адносна таго, што палітыкі шмат чаго абяцаюць, а сітуацыя радыкальна не мяняецца, ідзе пошук чагосьці новага. Нельга сказаць, што Эмануэль Макрон з’явіўся невядома адкуль, бо ён быў міністрам. Тым не менш ён здолеў даказаць прынамсі 24% французаў, якія пайшлі галасаваць, што ён уяўляе сабой штосьці новае і ён моцна не звязаны са старымі, традыцыйнымі палітычнымі партыямі.

РР: Ці на сённяшні дзень мы можам казаць, што ў Францыі еўрапейская пазіцыя перамагла антыеўрапейскую?

Алесь Лагвінец: Можна так сказаць, што Макрон застаецца фаварытам, вельмі верагодна, што ён выйграе. Даследванні паказваюць, што хутчэй за ўсё ён выйграе 68% на 32%. Можна сказаць, што большасць французаў усё ж такі выказаліся за такую больш абачлівую, больш стрыманую палітыку, якая з’яўляецца сэнсоўнай і разумнай, якая сыходзіць з адпаведных рэалій. Відавочна, для Францыі заставацца ў Еўрапейскім Звязе, быць лідарам Еўрапейскага Звяза – гэта хутчэй з’яўляецца аксіёмай. Прапаноўваць выйсці з ЕЗ для Францыі – гэта тое, што прапаноўвае Марын Ле Пен. Гэта можа азначаць даволі вялікія праблемы, гэта можа азначаць тое, што Францыя яшчэ больш зменшыць сваю ролю ў свеце і не здолее справіцца з эканамічнай праблемай. Нягледзячы на тое, што гэта заможная краіна, адносна той жа Нямеччыны, то Францыя цягам апошніх 20 гадоў паступова адстае. Тут пытанне сапраўды ў пакеце рэформаў. Эмануэль Макрон здолеў пераканаць прынамсі амаль чвэрць французаў, што яго прапанова рэфармавання Францыі прымальная. Пытанне таго, якім чынам адбудзецца другі і так званы трэці тур прэзідэнцкіх выбараў у Францыі. Калі не памыляюся 18 чэрвеня ў Францыі адбудуцца парламенцкія выбары і таксама парламенцкія выбары ў два туры. Ці зможа Эмануэль Макрон, калі выйграе 7-га траўня, правесці прадстаўнікоў свайго новага руху, які ён стварыў, які называецца “Наперад”. Ці атрымае ён большасць? Усё ж такі Францыя, нягледзячы на даволі вялікія паўнамоцтвы прэзідэнта, з’яўляецца парламенцкай рэспублікай і законы там прымае не прэзідэнт, а парламент. Пытанне ў тым ці Эмануэль Макрон атрымае лаяльную да яго большасць, якая будзе потым галасаваць за прыняццё тых законапраектаў, якія прывядуць да абяцаных ім рэформаў.

Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд неафіцыйна павіншаваў па тэлефоне Эмануэля Макрона. Услед за прэзідэнтам Макрона падтрымалі і кандыдаты, якія прайгралі. Франсуа Фіён, які набраў 19,91% галасоў, у эфіры французскага тэлебачання прызнаў паразу і заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за Макрона ў другім туры.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя