Алесь Лагвінец: Дыялог з ЕЗ жыццёва важны для Беларусі
Значэнне праграмы Еўрапейскага Звяза „Усходняе партнёрства” стане больш актуальным для Беларусі ў сувязі з тым, што ў другой палове траўня ў Рызе адбудзецца саміт, прысвечаны гэтай праграме, – лічыць палітолаг, намеснік старшыні Руху „За свабоду” Алесь Лагвінец.
Усё больш верагодным з’яўляецца запрашэнне на рыжскі саміт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
„Зразумела, што беларуская грамадзянская супольнасць выказваецца за тое, каб улады Беларусі зрабілі адпаведныя крокі, каб зняць праблемныя пытанні, якія ёсць у адносінах паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам” – кажа Лагвінец:
– І, зразумела, што пытанне нумар адзін – гэта пытанне вызвалення палітвязняў. Тут няма ніякіх разыходжанняў паміж удзельнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. Я ведаю, што да саміта рыхтуецца супольны дакумент ад прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, дзе будзе звяртацца ўвага на тое, што народ Беларусі, паколькі ўлада ў краіне сёння нелігітымная, мусіць мець свой голас у рамках дыялогу паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю.
„А гэты дыялог жыццёва і стратэгічна важны для нашай краіны, паколькі мы ўсе добра бачым, у якім рэгіёне і ў якія часы мы жывем” — падкрэсліў Алесь Лагвінец.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя