Алесь Лагвінец: Эфект ужо далёка не той…
Палітолаг Алесь Лагвінец падзяліўся сваімі ўражаннямі ад выступа Аляксандра Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі для расейскіх СМІ.
Алесь Лагвінец: Асабіста я нічога новага ў гэтым выступе не пачуў, былі звычайныя рэчы, які мы чулі і раней, а таксама нейкія заявы, якія не ўпрыгожваюць любога кіраўніка дзяржавы. Зрэшты, думаю, многія беларусы на гэта ўжо махнулі рукой, прызвычаіліся. Да таго ж, у межах аднаго выступу былі супрацьлеглыя рэчы – Лукашэнка спачатку казаў адно, а затым іншымі словамі гэта ж абвяргаў. Іншая справа, што пасмяяцца можна з некаторых цытат – тут, безумоўна, паспаборнічаць з кіраўніком краіны цяжка.
РР: Некаторыя называюць гэта крызісам жанру…
Алесь Лагвінец: У пэўным сэнсе так, бо што можна выдумаць новае за 22 гады знаходжання ва ўладзе? Перад такімі выступамі працуе, натуральна, прэс-служба, робяць нелькія нарыхтоўкі, але ж акрамя таго заўсёды прысутнічае і “плынь свядомасці”.
РР: Прэс-канферэнцыя праведзена напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным. Не выпадкова?
Алесь Лагвінец: Такія сустрэчы з расейскімі журналістамі традыцыйныя, але відавочна, што Масква заўсёды пільна сочыць за словамі беларускага кіраўніка. І зразумела, што любая такая імпрэза выкарыстоўваецца дзеля таго, каб даслаць чарговае пасланне Крамлю. Але, як мне падаецца, эфект ужо далёка не той. Тым больш, што ў Маскве і без такіх мерапрыемстваў даўно ведаюць, хто такі Лукашэнка і што стаіць за яго словамі. Таму гэта абсалютна нічога не змяняе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя