Алесь Лагвінец: Еўразвяз адказаў на пазітыўны крок з боку ўладаў Беларусі (дапоўнена)



Патрэбны больш аператыўны спосаб карэкціроўкі санкцыйнага спісу Еўразвязу ў дачыненні да беларускіх службовых асобаў і прадпрыемстваў, – лічыць намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец. На яго погляд, пакуль гэтыя карэкціроўкі адбываюцца вельмі марудна, як адносна дадання новых прозвішчаў, так і зняцця санкцый.

– Патрэбная больш зразумелая і больш аператыўная працэдура ўнясення асобаў у гэты спіс. Каб не чакаць раз на год паседжання Рады міністраў. Каб пасля кожнага негатыўнага рашэння ўладаў, мець магчымасць рэагаваць. Так і ў выпадку пазітыўнага рашэння ў дачыненні да асобаў, якія знаходзяцца за кратамі, мець магчымасць выключаць некаторых асобаў з гэтага спісу.  

Нагадаем, Еўразвяз скараціў спіс беларускіх службовых асобаў, у дачыненні якіх дзейнічаюць санкцыі, – немагчымасць траплення ў Еўразвяз і замарожванне капіталу. Цяпер спіс налічвае 225 прозвішчаў.

* * *

«Вельмі лагічна, што санкцыйны спіс у дачыненні да Беларусі павінен быць адкрытым і, у залежнасці ад паводзінаў беларускіх уладаў, мяняцца – павялічвацца, калі з’явяцца людзі, якія заслугоўваюць унясення ў гэты спіс. Выключэнне са спісу санкцый Еўразвязу прозвішчаў 8 дзяржаўных беларускіх службоўцаў каментуе палітык Алесь Лагвінец.

– Еўразвяз вырашыў адказаць пазітыўнымі крокамі на пазітыўны крок з боку ўладаў Беларусі ў вызваленні Алеся Бяляцкага. Пабачым, ці далей пойдзе працэс. Вельмі хочацца, каб улады зразумелі, што гэта ў інтарэсе і Беларусі, і можа ў іхным інтарэсе, каб у Беларусі не было палітвязняў. І каб палітвязні як мага хутчэй былі вызваленыя. Пры тым, што гэты спіс неўязных мае больш маральнае значэнне. Але ўнутры краіны і для саміх уладаў велізарнае маральнае значэнне мае наяўнасць палітвязняў. Калі яны будуць на волі – карысці для дэмакратычнай супольнасці будзе нашмат больш.

Напярэдадні кіраўнік дэпартамента палітыкі, інфармацыі і прэсы прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Рудольф Рышар адзначыў, што скарачэнне санкцыйнага спісу беларускіх службовых асоб, уезд якім на тэрыторыю Еўразвязу забаронены, не азначае змены палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя