Алесь Лагвінец: Еўропа гатова даць аванс беларускай уладзе
“Беларусы заслужылі, каб Еўразвяз з большай цікавасцю ставіўся да іх”, – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.
МЗС Беларусі разлічвае на адмену ў бліжэйшы час санкцый з боку Еразвязу. Па словах прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Дзмітрыя Мірончыка, адмена санкцый “адкрые дарогу для нармалізацыі нашых адносін з Еўрасаюзам”.
Дарэчы, у кулуарах еўрачыноўнікі не хаваюць таксама, што пытанне адмены санкцый – практычна вырашанае пытанне. Невядома толькі, калі гэта адбудзецца і ці поўнасцю здымуць санкцыі.
Алесь Лагвінец: Выглядае на тое, што Еўразвяз гатовы зменшыць ці зняць увогуле абмежаванні. Але я думаю, ёсць чаканне таго, як пройдзе выбарчая кампанія. Калі не памыляюся, тэрмін папярэдніх санкцый заканчваецца напрыканцы кастрычніка-пачатку лістапада. Напэўна, Еўразвяз дачакаецца гэтага часу, каб потым пераглядзець рашэнне.
РР: Калі санкцыі адменяць…
Алесь Лагвінец: То гэта будзе аванс, але дзеля таго, каб больш уцягнуць Беларусь у супрацоўніцтва. На такі крок Еўропа пойдзе.
РР: Якія ўмовы павінны выканаць пры гэтым беларускія ўлады ці дастаткова таго, што вызвалены палітвязні?
Алесь Лагвінец: Вызваленне палітвязняў – гэта толькі першы крок, бо мы памятаем 12 умоў Еўразвязу да беларускіх уладаў, якія былі прыняты яшчэ ў 2006 годзе. Але кожным разам размова ідзе пра павагу да еўрапейскіх каштоўнасцей і стандартаў і адсутнасць палітычных рэпрэсій. Гэта таксама тычыцца свабоды дзейнасці СМІ, пытанняў свабоды асацыяцый… Усё гэта агульнавядома. Гэта той пакет, які Еўропа імкнецца шанаваць у сваіх межах, а таксама прапануе сваім партнёрам.
РР: На ваш погляд, ці заслужылі беларускія ўлады таго, каб санкцыі знялі?
Алесь Лагвінец: Я скажу па-іншаму. Беларусы заслужылі, каб Еўразвяз з большай цікавасцю ставіўся да іх.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя