Алесь Лагвінец: Гэты шанец мы павінны скарыстаць



Беларусь неўзабавае наведаюць высокія еўрапейскія чыноўнікі. Свае візіты таксама абвяшчаюць і прадстаўнікі дыпламатычных службаў ды высокапастаўленыя дыпламаты. Менск становіцца месцам, куды хочуць прыехаць еўрапейскія палітыкі. І ўсё гэта фактычна адбываецца за апошнія тыдні.

У нашай студыі госць – беларускі палітолаг Алесь Лагвінец.

DSC02244

РР: Спадар Алесь, дык што Менск стаў цяпер “рукапажатны”?

Алесь Лагвінец: У пэўным сэнсе, так. З Менскам спрабуюць размаўляць. Да Менска спрабуюць падыйсці стратэгічна. Менску спрабуюць паказаць, што еўрапейская альтэрнатыва існуе для Беларусі , што адносіны з Еўрапейскім звязам – гэта выгадна для Беларусі. І дзеля гэтага Еўрапейскі звяз прыняў стратэгічнае рашэнне ўцягваць Беларусь у больш шчыльнае супрацоўніцтва.

РР: Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі цікава напісаў у сябе ў Фэйсбуку, што па пераліку тых, з кім сустракаюцца еўрапейскія чыноўнікі, зразумела, чаго Менску патрэбна. Нацыянальны банк, міністэрства фінансаў, міністэрства эканомікі і толькі пасля міністэрства замежных спраў і адміністрацыя прэзідэнта. Ці Менск за грошы гатовы на нейкія рэальныя саступкі?

Алесь Лагвінец: Афіцыйны Менск сёння спрабуе паказаць, што ён дамоваздольны. Ён спрабуе гуляць у гульню, каб атрымаць большую колькасць грошай ад Еўразвязу. І зразумела, што нейкія зрухі ў гэтым кірунку магчымыя. Магчыма якаясьць падтрымка прадпрымальнікам, альбо прадпрыемствам, альбо на рэструктурызацыю беларускай эканомікі з Еўрапейскага звязу можа быць. Мы ведаем, што гістарычна Еўразвяз моцна паўплываў і паспрыяў рэструктурызацыі эканомік краін Цэнтральнай Еўропы. І тут мы бачым, што мадэль адносінаў тая ж самая, Еўразвяз іншай і не ведае. Ён спрабуе дамаўляцца з дзяржаўнымі інстытуцыямі адносна наступных крокаў на шляху рэфармавання. Гэта такі спратэгічны падыход. Зразумела, што такі падыход не заўсёды ўлічвае асаблівасці ўлады, з якой ён размаўляе, і таксама жаданне гэтай улады. І ў той жа час мы бачым, што ўлада ў Беларусі напужаная. Магчыма расейскай інкарпарацыяй, або расейскай пагрозай. Спрабуе пагуляць з Захадам. Паабяцаць пэўныя крокі насустрач. Мы бачым, што беларускія ўлады, у пэўным сэнсе, самаўстрымліваюцца, не прымяняюць больш рэпрэсіяў, хаця яны гэта могуць зрабіць супраць пратэстоўцаў. Альбо ўлады спрабуючы таксама завязаць нейкую грамадскую дыскусію ўнутры краіны. Абяцаючы таксама нібыта змены і ў выбарчым заканадаўстве, прынамсі на ўзроўні правапрыменяльнай практыкі. Мы ведаем, што яны хутчэй за ўсё гэта не будуць рабіць. Але тут Еўразвяз спрабуе гуляць с чыстага аркуша, імкнучыся паказаць, што ёсць пэўны еўрапейскі шлях, пэўная еўрапейская мадэль узаемаадносінаў. Мы ведаем, што гэтыя ўлады наўрад ці здольныя да канца “разгуляць” еўрапейскую карту. Але, зноў такі, нам павінна хапаць стратыгічнага мыслення, і мусім разумець, што калі мы сёння не дадзім магчымасці нашай краіне скарыстацца з гэтага шанцу большага адкрыцця на Еўрапейскі звяз, то магчыма пазней будзе ўжо і позна, бо стратэгічнае мысленне – гэта азначае: бачыць, хто ёсць хаўруснікам у нашай справе. Сёння Беларусь можа замацаваць сваю незалежнасць і зрабіць яе незваротнай, дзякуючы больш шчыльнаму ўзаемадзеянню з Еўразвязам. Каб нашыя людзі не толькі ідэйна падзялялі еўрапейскія каштоўнасці, але і пачалі звязваць свой дабрабыць з больш шчыльнымі адносінамі з аб’яднанай Еўропай. І гэта даволі доўгі працэс. Ён займае час, і тут мне падаецца, што некаторыя беларускія дысыдэнты грашаць тым, што яны спрабуюць секчы сук, на якім сядзяць, альбо спрабуюць даваць урокі маральнасці Еўразвязу. І спрабуюць нават у нечым дыскваліфікаваць таго адзінага саюзніка, якога мы патэнцыйна можам мець дзеля ўмацавання нашай незалежнасці і развіцця дэмакратычных інстытутаў Беларусі. Бо незалежнасць і дэмакратыя можа быць пабудаваныя ў Беларусі толькі самімі беларусамі. Еўразвяз можа толькі спрыяць гэтаму. Еўрапейскі звяз, як любая дэмакратычная структура, і асабліва краіны Еўразвязу, якія маюць дэмакратычны лад кіравання, яны разнастайныя. Ёсць адны, у якіх больш акрэсленыя бізнес інтарэсы, ёсць іншыя, якія кіруюцца геапалітычнымі падыходамі, ёсць яшчэ адны, якія кіруюцца каштоўнаснымі рэчамі. І тут варта сапраўды мабілізаваць падтрымку, а не проста дыскрэдытаваць, крытыкаваць, навешваць якіясьці ярлыкі. Трэба цвёрда казаць пра сваю пазіцыю, але заўсёды памятаць, што гэта размова не дзеля таго, каб дыскрэдытаваць, альбо адмовіць у якімсьці дзеянні, а гэта размова дзеля таго, каб уплываць і дасягнуць канкрэтнага выніку.

РР: Размаўляючы перад новым годам з адным з былых беларускіх дыпламатаў Ігарам Губарэвічам, пачуў такую фразу: што насамрэч нейкая дарожная мапа нармалізацыі адносінаў Беларусі з Амерыкай, Беларусі з Еўразвязам існуе. Як думаеце, якія крокі Беларусь будзе прасіць далей ў Еўрапейскага звязу, бо цяпер санкцыі зняты? Што далей? Спыненне фінансавання незалежных СМІ, як мы нядаўна пачулі з выснаў Наталлі Радзінай (галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання „Хартыі’97”. – Р.Р.), такі зварот гучаў ад пэўных прадстаўнікоў міністэрства замежных спраў Беларусі, напрыклад, да польскіх калегаў.

Алесь Лагвінец: Мне падаецца, што ў еўрапейскіх краінаў ёсць свой парадак дня. Гэта парадак дня можа быць з аднаго боку з уладамі, з іншага боку з дэмакратычным грамадствам. Я не думаю, што Еўразвяз пойдзе на тое, каб цалкам скарачаць праграмы падтрымкі незалежных медыяў. Незалежныя медыі – гэта адна з базавых каштоўнасцяў Еўразвязу, палітычнай сістэмы краінаў Еўразвязу, і гэта вельмі мала верагодна. Я думаю, што ўлады больш чакаюць грошай і крэдытаў, падтрымкі прадпрыемстваў, можа інвестыцыяў. Яны, канешне, хочуць захаваць нязменную палітычную сістэму панавання Лукашэнкі. Але, я думаю, што пэўныя крокі яны будуць чакаць менавіта ў эканамічнай галіне. Што тычыцца адносінаў з незалежным грамадствам, магчыма ўлады паспрабуюць неяк пераарыентаваць на сябе падтрымку, якая ідзе ад Еўразвязу, магчыма Езразвяз будзе паказваць якуюсьць зацікаўленасць, але я не думаю, каб цалкам Еўрапейскі звяз адвярнуўся ад беларускіх дэмакратычных праеўрапейскіх сілаў. Зноў жа, Еўрапейскі звяз неаднародны, ёсць уплывовыя гульцы ў Еўразвязе, якія жадаюць бачыць Беларусь еўрапейскай, незалежнай, дэмакратычнай. А без незалежнай прэсы, без развіцця грамадзянскай супольнасці і няўрадавых арганізацый, якія непадкантрольныя дзяржаве, гэта немагчыма зрабіць. Гэта трэба вельмі добра памятаць. Трэба проста больш мэтанакіравана працаваць з нашымі партнёрамі. Трэба таксама шукаць унутраныя рэсурсы. Яны ёсць. Тут, як кажуць, кропля камень точыць. Не ўсё так кепска ў Беларусі. Мы маем доствед 20-гадовай незалежнасці, аўтарытарнай, недэмакратычнай, антыгуманнай, але незалежнасці. Усё ж такі гэта рэч, з якой звыклася бальшыня беларусаў. Ёсць новае пакаленне беларусаў, якія гатовыя гэтую незалежнасць адстойваць і далей развіваць нацыянальную саматоеснасць. І менавіта на гэтым падмурку ў нас ёсць шанец пабудаваць лепшую Беларусь.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя