Алесь Лагвінец хоча ўзначаліць Рух “За свабоду”



Алесь Лагвінец хоча ўзначаліць Рух “За свабоду”, сябрам якога ён з’яўляецца. Пра гэта ён паведаміў падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам кампаніі па назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, якую праводзіў ягоны штаб на Сухараўскай выбарчай акрузе.

lagvinec2

Як кажа Алесь Лагвінец, выбарчая кампанія, асабліва на этапе збору подпісаў, не прайшла для яго безсэнсоўна:

– Я лічу, што гэтай кампаніяй я паказаў, што здольны пашыраць прастору свабоды, паказваць прыклад іншым. Я паказаў, які тып лідарства патрэбны ў Беларусі. Я гатовы і хачу вылучацца на пасаду старшыні Руху “За свабоду”. Я гатовы быць кандыдатам №1 на ўсіх бліжэйшых выбарах ад Руху “За свабоду”. Я лічу, што як чалавек, які адбыўся таксама ў прафесійнай сферы, які размаўляе на еўрапейскіх мовах, які гадуе і выгадаваў сваіх сыноў, а таксама падрыхтаваў сотні студэнатаў, я магу далей пашыраць ідэалы і каштоўнасці свабоды еўрапейскага выбару і нацыянальнага адраджэння Беларусі.

Алесю Лагвінцу адмовілі ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты, пасля чаго ягоны штаб разгарнуў кампанію па байкоце выбараў на Сухараўскай выбарчай акрузе, дзе ён збіраўся балатавацца. У выніку, паводле інфармацыі назіральнікаў, яўка на выбарах па гэтай акрузе склала толькі 25 працэнтаў.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя