Алесь Лагвінец: Крэмль вырашыў пайсці ў наступ перад выбарамі



Грамадскі актывіст Алесь Лагвінец распавёў пра сённяшнія апетыты Расеі.

Нагадаем, расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў, выступаючы ў Берасці на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, заявіў, што “Расея гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты. У тым парадку, які прадугледжаны дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года».

Алесь Лагвінец: Расея даўно хацела, каб Лукашэнка выканаў тое, што ён наабяцаў раней. Зараз для гэтага якраз зручны момант, таму і гучаць такія заявы. Але ж ніхто не прымушаў беларускага кіраўніка ў 1999 годзе падпісваць дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Атрымліваецца, што беларуская ўлада сама сябе загнала ў пастку і зараз спрабуе нейкім чынам выкараскацца з яе. Але з кожным разам гэта становіцца рабіць усё больш складана. Дзеля таго, каб супрацьстаяць ціску з боку Масквы, трэба, каб эканоміка грунтавалася зусім на іншых прынцыпах. І каб у краіне быў, апроч усяго іншага, агульнанацыянальны кансенсунс. З гэтага гледзішча беларуская ўлада амаль нічога не зрабіла, каб Беларусь сапраўды была незалежнай.

РР: Расея бачыць Беларусь у сваім складзе?

Алесь Лагвінец: Прынамсі так бачыць карціну сённяшняе расейскае кіраўніцтва. Сітуацыя, дарэчы, вельмі і вельмі небяспечная і, можна сказаць, нават крытычная для Беларусі.

РР: Што вы маеце на ўвазе, калі кажаце пра “зручны момант”, які выбрала Расея для такіх заяў?

Алесь Лагвінец: Усё гэта назапашвалася, і тыя праблемы, якія ёсць паміж Менскам і Масквой, яны ўжо даўно існуюць. Былі канфлікты на вышэйшым роўні і ў 2006 годзе, і ў 2010 годзе. Нафтагазавыя крызісы, гандлёвыя войны…

У рэшце рэшт, сітуацыя дайшла, напэўна, да крытычнай кропкі. Тыя фінансавыя сродкі, што беларуская ўлада можа згубіць, вельмі істотныя, і яны маглі б дазволіць Лукашэнку прасцей прайсці праз выбарчы цыкл, каб паказаць народу чарговыя дасягненні. Менавіта перад прэзідэнцкімі выбарамі Крэмль і вырашыў пайсці ў наступ.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя