Алесь Лагвінец: За Ярмошынай больш сур’ёзныя парушэнні



„Мы зрабілі, як палічылі патрэбным”. Так у нашым эфіры патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Алесь Лагвінец пракаментаваў прытэнзіі ад Цэнтарвыбаркаму. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына канцэрт Лявона Вольскага на пікеце Лагвінца назвала сур’ёзным парушэннем. Культавы музыка Лявон Вольскі выступіў 27 ліпеня ў менскім Сухараве. Ён спяваў для публікі на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў намесніка старшыні руху “За Свабоду” Алеся Лагвінца. Палітык пракаментаваў заяву з Цэнтарвыбаркаму.

– Мы зрабілі тое – што зрабілі. Вельмі сур’ёзнае парушэнне тое, што Ярмошына з’яўляецца старшынёй Цэнтрвыбаркаму. Вельмі сур’ёзнае парушэнне тое, што ў Беларусі няма выбараў, ніякага дэмакратычнага адбору і выбараў кіраўнікоў дзяржавы. У гэтым таксама вінаватая Лідзія Ярмошына. Ёсць літара і ёсць дух закона. Літара закона не забараняе. А дух закона, які інтэрпрэтуе Лукашэнка, – ён можа быць інтэрпрэтаваны па-рознаму.

Цэнтр выбаркам вынес ініцыятыўнай групе Алеся Лагвінца папярэджанне. Гэта ўжо другое па ліку.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя