Алесь Лагвінец: Лукашэнку патрэбныя грошы



У Сочы адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Гэтую інфармацыю пацвердзіла прэс-служба расейскага кіраўніка. Некалькі дзён таму стала вядома, што Лукашэнка выляцеў у Сочы на кароткачасовы адпачынак, у межах якога плануе адсачыць развіццё беларускай спартова-турыстычнай базы, а таксама сустрэцца з Пуціным.

„Відавочна, што адным з галоўным пытанняў у час сустрэчы стане прадастаўленне Беларусі фінансавай дапамогі. Лукашэнку патрэбныя грошы, асабліва перад выбарамі”, – прагназуе палітолаг Алесь Лагвінец:

– Хутчэй за ўсё гэта будзе менавіта крэдыт, а не нейкая расейская дапамога. Расея ўжо даўно памяняла сваю пазіцыю і наўпрост так не падтрымлівае, але размова будзе ісці “штосьці за штосьці”, як гэта часта бывае паміж Лукашэнкам і Пуціным. Лукашэнку давядзецца нешта паабяцаць. Відавочна, тут і пытанні падтрымкі расейскай агрэсіі ў адносінах да Ўкраіны, пытанні маёмасці, расейскай вайсковай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі. Магчыма, пытанне таксама “гульні ў беларусізацыю”, якую рэжым час ад часу дэманструе.

Прыгадаем, што ў канцы студзеня міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў адзначыў, што ў выпадку скрайней неабходнасці Расея разгледзіць магчымасць прадастаўлення фінансавай дапамогі Беларусі. Пра гэта ж казаў і сам Лукашэнка ў час прэс-канферэнцыі 29-га студзеня, што “калі нам будзе цяжка, вельмі цяжка, то Расея падставіць сваё плячо”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя