Алесь Лагвінец не зможа ўдзельнічаць у агітацыйнай кампаніі



У Тэрытарыяльнай выбарчай камісіі адбыўся разгляд скаргі Алеся Лагвінца. Палітыка не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

lagvinec2-700x400

Лагвінцу інкрымінавалі заўчасную агітацыю і правядзенне агітацыйнага канцэрта Лявона Вольскага. На адчынены разгляд скаргі не пускалі грамадскасць. “Адразу  было зразумела, што камісія наўрад ці зменіць сваё рашэнне,” – гаворыць намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец:

– Мінулы раз гэта быў сапраўдны зьвярынец, яны накідваліся на мяне, бо я быў адзін, а зараз – у прысутнасці міжнародных назіральнікаў і незалежнай прэсы. Таму ўсё прайшло даволі стрымана. Мне далі магчымасць выступіць, у той час як мінулы раз мяне перабівалі.

Кіраўніку перадвыбарчага штаба Алеся Лагвінца Пятру Марцелеву прыйшлося пайграць у “коткі мышкі” з аховай Менгарвыканкама. Марцелева не жадалі дапускаць на паседжанне па разглядзе скаргі палітыка на рашэнне тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Лагвінца не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты за 2 папярэджанні падчас кампаніі па зборы подпісаў. “Юрыдычна менавіта на Марцелева былі складзены скаргі за парушэнні, а яго і не пускаюць,” – гаворыць сябар ініцыятыўнай групы Алесь Марчанка:

– Пётр вырашыў пайсці нахабным шляхам і пералез праз агароджу і паспрабаваў патрапіць на паседжанне камісіі. За ім пагнаўся міліцыянт.

Каля 10 хвілін ахова намагалася спыніць Пятра Марцелева і пераконвала вярнуцца за турнікет. Пасьля працяглай дыскусіі Марцелеву ўдалося прарвацца праз ахову і трапіць на паседжанне камісіі.

Тэрытарыяльная выбарчая камісія адзінагалосна пакінула рашэньне аб нерэгістрацыі без зменаў. Алесь Лагвінец не зможа ўдзельнічаць у агітацыйнай кампаніі.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё  Рацыя