Алесь Лагвінец прапанаваў ідэю сустаршынства
Першы намеснік старшыні Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч скептычна паставіўся да прапановы намеснка старшыні гэтай жа арганізацыі Алеся Лагвінца ўвесці ў арганізацыі інстытут сустаршынства.
Як вядома, 16 кастрычніка ў Менску адбудзецца справаздачна-выбарчая канферэнцыя Руху. Яго кіраўнік Аляксандр Мілінкевіч адмовіўся вылучацца на пасаду кіраўніка. Аб жаданні змагацца за яе заявілі Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец. У вострых перадвыбарчых спрэчках загаварылі нават аб расколе арганізацыі. Каб пазбегнуць такога развіцця, Лагвінец і вылучыў ідэю выбраць двух сустаршынь. Па меркаванні ж Юрася Губарэвіча, падобная прапанова толькі аслабіць арганізацыю:
– Яна стварае сітуацыю, калі размываецца адказнасць, калі невядома з каго пытаць пра пэўныя правалы ці недалікі па працы, а такое часта здараецца. Як кажуць, у перамогі шмат бацькоў, а ў паразы – ніводнага. Таму нам варта прытрымлівацца той схемы, якая закладзена ў статуце, – гэта выбары старшыні і намеснікаў.
Юрась Губарэвіч лічыць, што наўрад ці прапанова Алеся Лагвінца будзе падтрымана Радай „Руху за свабоду” ці дэлегатамі канферэнцыі. Таму выбары адбудуцца згодна са статутам. Але гэта не будзе пагражаць арганізацыі расколам. „Для кожнага, нягледзячы на тое, якую ён пасаду зойме, знойдзецца магчымасць для самарэалізацыі і працы на агульную карысць,” – сказаў Юрась Губарэвіч.
* * *
Напярэдадні канферэнцыі Руху „За свабоду”, на якой будзе абірацца новае кіраўніцтва арганізацыі, намеснік старшыні Руху Алесь Лагвінец прапанаваў абраць на пасаду кіраўніка двух сустаршынь. Пасля заявы Аляксандра Мілінкевіча, што ён не будзе вылучацца на пасаду кіраўнікака гэтай грамадскай арганізацыі, аб намеры ўзначаліць Рух заявілі Алесь Лагвінец і Юрась Губарэвіч.
Лагвінец прапанаваў ідэю сустаршынства, каб ні ў каго не заставалася адчування расчаравання і каб зняць пагрозу расколу, бо ў публічнай сферы такія заявы чамусці з’явіліся.
Алесь Лагвінец:
– Я прапанаваў ідэю сустрашынства. Два галоўныя прэтэндэнты становяцца сустаршынямі і робяць намаганні дзеля таго, каб далей, у гэты пераходны перыяд, цягам двух год пабудаваць давер і паказаць далейшы ўзор узаемадзеяння для ўсіх нашых актывістаў. Бо людзі з рэгіёнаў казалі, што нам вельмі важна, каб было адзінства, вельмі важна каб Рух заставаўся дынамічнай актыўнай арганізацыяй.
Калі ж прапанова не будзе прынята, то выбары пройдуць па звычайным сцэнары. Як адзначае Алесь Лагвінец, яны з Юрасём Губарэвічам дамовіліся і ўжо сказалі ў публічнай прасторы, што пераможца прапаноўвае былому канкурэнту на выбарах пасаду першага намесніка.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pyx.by