Алесь Лагвінец: СНД не працуе і засталося толькі на паперы
Аляксандр Лукашэнка крытыкуе СНД. У Сочы на пасяджэнні ў вузкім складзе Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД ён раскрытыкаваў дзейнасць Міжпарламенцкай асамблеі СНД. Больш таго нават прапануе адмовіцца ад гэтай структуры, маўляў, там прымаюцца нейкія мадэльныя законы, «але ніводны з іх, напрыклад, у Беларусі, не лёг у аснову прыняцця нацыянальнага заканадаўства».
СНД і праўда не працуе, кажа палітолаг Алесь Лагвінец, які ўзгадвае, што пра іншыя ініцыятывы, якія літаральна разваліліся.
– Урамках СНД было прынята велізарная колькасць дакументаў. Але гэтыя дакументы не працуюць. Таму што ад самага пачатку закладалася, што СНД будзе ў нечым змадэляванае з Еўрапейскага звязу. Зразумела, што гэтага не адбылося, і ўсе гэтыя пагадненні, якія падпісваліся спачатку ў Менску, потым у Алма-Аты, потым далей да канца 1991 года, гэтыя пагадненні ў шмат чым засталіся на паперы, бо жыццё прывяло да шмат чаго іншага.
Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што СНД перадусім павінна заняцца пытаннямі гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і бяспекі.
«Пытанні бяспекі – яны ўжо не стукаюцца ў дзверы, яны ўжо ў наш дом уварваліся. Мы іх абыходзім сарамліва: ці то мы баімся паставіць гэтыя пытанні, ці то разумеем, што не можам іх вырашыць», — канстатаваў беларускі кіраўнік.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя