Алесь Лагвінец: Менск стаў пляцоўкай для перамоваў, для Беларусі – добра
26 жніўня Менск стане галоўнай пляцоўкай перамоваў па Украіне. У беларускую сталіцу прыедуць не толькі прадстаўнікі абодвух бакоў канфлікту – прэзідэнты Украіны і Расеі, але і еўрапейскія палітыкі, на чале з вярхоўным прадстаўніком Еўразвязу па замежных справах Кэтрын Эштан.
Беларускі палітолаг Алесь Лагвінец не ўскладае асаблівых спадзяванняў на гэтую сустрэчу, але падкрэслівае, што Лукашэнка можа паспрабаваць выкарыстаць яе ў мэтах унутрыдзяржаўнай прапаганды.
– Збольшага гэтая сустрэча будзе перадумовай урэгулявання. Тое, што Менск стаў пляцоўкай для перамоваў, для Беларусі гэта добра. Рэжым Лукашэнкі можа паспрабаваць атрымаць унутраныя дывідэнды, але, мне здаецца, гэта будзе мець больш прапагандысцкі сэнс, чым рэальна паўплывае на ступень падтрымкі рэжыму Лукашэнкі.
На думку Алеся Лагвінца, беларусы не вельмі цікавяцца сустрэчай ў Менску па Украіне, бо іх турбуюць іншыя праблемы, такія як рост коштаў і карупцыя. Вяртаючыся да канфлікту ва Украіне, палітолаг падкрэслівае, што краіны Эўразвязу, праводзячы перамовы з расейскімі дыпламатамі, чамусьці не спяшаюцца прад’явіць Расеі галоўную прэтнэнзію, а менавіта запатрабаваць спыніць падтрымку сепаратыстаў на Данбасе.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя