Алесь Лагвінец: Цікавасці ў людзей да палітыкі няма



Палітолаг і намеснік старшыні руху „За Свабоду” Алесь Лагвінец, які плануе балатавацца падчас выбараў у Сухараўскай выбарчай акрузе № 101, распавёў пра тое, на які вынік ён разлічвае.

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец: Любую кампанію трэба выкарыстоўваць для пашырэння свайго ўплыву на людзей. Учора мы пачалі збіраць подпісы і бачым, што вялікай цікавасці ў народа да палітыкі няма. Хаця з іншага боку крызіс дае пра сябе ведаць, ёсць шмат незадаваоленых сваім узроўнем жыцця, уладай і аддаленасцю гэтай улады ад рэальнага жыцця. І тут вельмі важна, каб альтэрнатыўныя дэмакратычныя сілы былі тымі суб’ектамі, хто фармулюе праблемы людзей. З гэтага заўсёды і пачынаецца палітыка. Каб людзі пабачылі, што хтосьці кажа пра іх рэальныя праблемы. Пра тое, чым яны жывуць кожны дзень. А прыгожыя карцінкі па тэлебачанні – гэта зусім з іншай оперы. 

РР: Сёння многія працягваць дыскутаваць з нагоды “ўдзелу-няўдзелу” у выбарах…

Алесь Лагвінец: Гэтае пытанне важнае, але, мяркую, у пэўных варунках варта да нейкага этапу паказаць, што ў краіне ёсць альтэрнатыўныя сілы і альтэрнатыўнае бачанне. Тым больш, што збор подпісаў – самая ліберальная частка кампаніі і можна спакойна стаяць у пікетах ды размаўляць з людзьмі. Трэба скарыстацца такой магчымасцю.

РР: Чаму, на ваш погляд, у людзей такая апатыя да палітыкі?

Алесь Лагвінец: Па-першае, у краіне 22 гады – аўтарытарны рэжым. Па-другое, сказваецца савецкая спадчына. Акрамя таго, многія жывуць пад страхам рэпрэсій, калі людзі ведаюць, што іх палітычны ўдзел можа скончыцца непрыемнасцямі.

РР: Удзел апазіцыі ў гэтай кампаніі можа легітымізаваць выбары?

Алесь Лагвінец: У пэўнай ступені такая легітымізацыя адбываецца, але тут пытанне ў іншым. Калі людзі ідуць галасаваць альбо, калі палова лічыць, што ў нас праходзяць нармальныя выбары, то гэта і ёсць легітымізацыя. А вось наша задача – каб народ больш нам давяраў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя