Алесь Лагвінец: Унутры краіны рэжым імкнецца захоўваць свой твар
Справа Кондруся – чарговы элемент страху для беларускага грамадства – кажа Алесь Лагвінец. Палітык пракаментаваў судовы працэс над Уладзімірам Кондрусем — удзельнікам Плошчы-2010, якога затрымалі праз 5 гадоў і судзяць за ўдзел у так званых «масавых беспарадках». Яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі. Чаму справа «Плошчы-2010» выплыла ў 2016 годзе – каментуе беларускі палітык Алесь Лагвінец.
– Рэжым нібыта спрабуе пры кепскай гульні рабіць добрую міну і прыхарошыць свой выгляд. Ён прыхарошвае свой выгляд знешне. Яму патрэбныя грошы. А з іншага боку ён мусіць захоўваць свой твар унутры краіны. Заўсёды рэжым імкнуўся давесці свой пасыл, калі кажа: калі вы супраць мяне, значыць на вас будуць накладзеныя санкцыі. Захаваць твар, гэта вось як зараз, калі выплыла такая асоба, што ўдзельнічала ў пратэсце. Учынак Кондруся цягне не больш чым на адміністрацыйнае правапарушэнне, гэта не крымінальнае парушэнне. Рэжым, відавочна, не можа на гэта глядзець скрозь пальцы. Іншая рэч, паглядзіце, што робіцца з сілавікамі, з амапаўцамі. Яны робяць абуральныя рэчы. Не заўсёды гэта скіравана супраць палітычнага актыву. Яны парушаюць правы людзей, прыніжаюць іх. Але рэжым іх бароніць. Прырода не мяняецца. Рэжым мусіць унутры для грамадства захоўваць свой аўтарытарны твар, казаць, калі вы ўлезеце далей у палітыку, або калі вы будзеце вельмі адкрыта супраць мяне, то вы атрымаеце, як яны кажуць, „па галаве”.
РР: Сістэма Аляксандра Лукашэнкі хоча захаваць свой твар… А не прасцей было гэтую справу Кондруся, напрыклад, закрыць з такой элегантнай фармулёўкай, што тэрмін справы ўжо выйшаў. Бо калі мы сёння глядзім на каляндар – то ўжо завяршаецца 16-ы год.
– Элемент страху павінен быць у грамадстве. Рэжыму гэта вельмі важна. Яны хочуць паказаць, што яны памятаюць пра такія дзеянні. Кашмар гэтага рэжыму – гэта ўсемагутны, шырокі народны пратэст. Відавочна, яны думаюць пра тое, каб гэты пратэст прадухіліць. Нябожчык Віталь Сіліцкі казаў пра тое, што адметнай рысай палітычнага рэжыму ў Беларусі з’яўляецца яго прэвентыўны характар. То бок ён думае пра тое, дзе можа надарвацца, і дзейнічае наперад. Зараз можа парвацца ў розных месцах. Найперш, паглядзіце, што эканамічна адбываецца ў краіне. Чаканне людзей горшае. Людзі праядаюць тое, што калісьці зарабілі. Усе чакаюць, што будуць далейшыя скарачэнні. І больш таго, калі ты не працуеш, табе трэба плаціць падатак, адкупацца ад рэжыму. Чаканне горшага ёсць. Таму рэжыму трэба паказаць, што нават калі вы не задаволеныя і пачнеце пратэставаць, то ў вас няма выйсця. Каб такая безвыходнасць па-ранейшаму была ў грамадстве. Каб для людзей, якія не задаволеныя, не было святла ў канцы тунэлю. Відавочна, што будуць увесь час нейкія паказальныя працэсы. Калі адказваць на вашае пытанне, то тое ж самае можна было зрабіць і з Эдуардам Пальчысам. Чаго яго трымалі? Дэ факта яго судзілі як крымінальніка, калі яго столькі трымалі, а потым быў закрыты суд. Яго выпусцілі, але дэ факта, паглядзіце, што адбылося, колькі часу яго пратрымалі ў турме. Відавочна, яго вызвалілі з прычынаў салідарнасці – і незалежная прэса, і незалежнае грамадства казалі пра несправядлівую сітуацыю, казалі пра неабходнасць вызвалення Эдуарда Пальчыса, і кажучы пра гэта, хочаш-ня хочаш, мы павялічваем страх у грамадстве, паколькі мы кажам, што рэжым дзейнічае такім чынам супраць невінаватых людзей. Атрымліваецца што тыя, хто ўвогуле не цікавіцца палітыкай, што яны чуюць больш за ўсё ад апазіцыі: яны чуюць увесь час пра тое, што нас дыскрымінуюць, што ў нас ёсць палітвязні, што ўлада рыхтуе новых палітвязняў, што ўлада ўвесь час абмяжоўвае правы і ўвесь час грунтуецца на рэпрэсіях. Калі чалавек ужо амаль не мае працы, мае маленькі заробак, ён найперш падумае, што калі пачне пратэставаць больш актыўна, то згубіць усё. Відавочна, гэта стрымлівае людзей ад пратэстаў. Ну і тут яшчэ накладаюцца розныя псіхалагічныя і, можна так сказаць, гістарычныя чыннікі, якія дзейнічаюць на тое, што людзі пакуль у Беларусі, схаваўшы галавы ў плечы, чакаюць, што будзе далей.
Уладам выгадна падтрымліваць страх у грамадстве, – кажа Алесь Лагвінец, каб беларусы нават не задумваліся пра «плошчу».
З палітыкам размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
У гукавым фармаце: