Алесь Лагвінец: Выбары важныя для ўлады, але не цікавыя грамадству



Палітолаг Алесь Лагвінец – пра асаблівасці нацыянальнай прэзідэнцкай кампаніі.

Lagvinec01-700x400

Алесь Лагвінец: Пакуль дэмакратычным сілам бракуе аб’яднанасці і мабілізацыі. І цяжка сказаць, наколькі сітуацыя зменіцца ў бліжэйшыя 3-4 месяцы. Мала бачна рэзерваў, каб якасна, на вышэйшым узроўні была праведзена гэтая кампанія. Кожны з палітычных гульцоў вырашае свае прыватныя задачы.

РР: На ваш погляд, якія адметнасці будуць падчас гэтых выбараў? Ці заўважым адрозеннні ад папярэдніх?

Алесь Лагвінец: Мы ведаем, што ўлады здольныя на нечаканыя крокі, якія выходзяць за межы таго, што чакаецца. І, калі ўжо казаць пра ўладу, то зразумела, што яна будзе выкарыстоўваць любую магчымасць, каб з аднаго боку падняць цікавасць да кампаніі, а з іншага – зрабіць усё, каб мінімізаваць уплыў дэмакратычных сілаў на грамадства. Можна сказаць і пра некаторыя нюансы ў выбарчым працэсе. Мне падаецца, што ўладам цікава мець даволі вялікую колькасць кандыдатаў і, магчыма, будуць глядзець скрозь пальцы на збор подпісаў.

РР: Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што, калі тры прэтэндэнты збяруць 100 тысяч подпісаў, ужо будзе добра…

Алесь Лагвінец: Думаю, зарэгіструюць больш, улада можа выкарыстаць досвед 2010 году. Пры тым, што ўзровень апатыі ў грамадстве і адсутнасць веры ў перамены зараз вышэйшыя, чым пяць гадоў таму, а, тым больш, у 2006 годзе. Тады ў людзей было больш чаканняў, і апазіцыя была больш мабілізаванай. Адным словам, цяпер прэзідэнцкая кампанія важная для ўлады, але не цікавая грамадству. Калі людзі і пойдуць галасаваць, то не вераць, што нешта зменіцца, як гэта адбылося ў Польшчы. Таму ўладам важна падтрымлівасць градус цікавасці да выбараў. І зрабіць гэта можна пры дапамозе вялікай колькасці быццам бы незалежных кандыдатаў.

РР: Афіцыйны Менск хоча зараз спадабацца Захаду, хоча, каб той прызнаў выбары. Пры гэтым ці магчымыя падчас прэзідэнцкай кампаніі нейкія рэпрэссі супраць дэмакратычных актывістаў?

Алесь Лагвінец: Думаю, без гэтага не абыйдзецца. І тут пытанне толькі ў масштабах рэпрэсій. Ціск на дэмакратычных актывістаў у Беларусі ідзе рэгулярны – з большай ці меншай частатой. Пытанне палягае ў тым, наколькі ўлады здолеюць устрымацца ад брутальных рэпрэсій. Хоць ціск можа быць і не наўпроставы, а прыхаваны – праз кропкавыя дзеянні. Немагчыма чакаць, што прырода ўлады зменіцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя