Алесь Марачкін: Агрэсіўная палітыка Крамля ашчэрылася на бліжэйшыя тэрыторыі
Мастак і грамадскі дзеяч Алесь Марачкін распавядае, чаму заварушыўся “русский мир” напярэдадні святкавання Дня волі.
У расейскіх інтэрнэт-СМІ і сацыяльных сетках перад святам 25 сакавіка ажывілася кампанія дыскрэдытацыі нацыянальнай беларускай ідэі. Прыхільнікі «русского мира» называюць святкаванне Дня волі «шэсцем фашыстаў», а арганізатары гэтага мерапрыемства ў Менску рыхтуюцца да магчымых правакацыяў, піша nn.by.
Алесь Марачкін: Я думаю, што ачмурэнне ад ваенных “поспехаў” Пуціна ў акупацыі Крыма і агрэсіўнай вайны на Данбасе апанавала амаль усю Расею. Я бачыў, як асвятлялася гадавіна акупацыі, якая з гэтай нагоды назіралася вакханалія. Гэта, як эпідэмія – хворымі і замбіраванымі становяцца практычна ўсе расейцы, а суадносна ўсё больш падымаюць галаву і прыхільнікі так званага “русского мира”. Гэтыя людзі хочуць апраўдаць агрэсію Расеі. Патрыётаў Украіны называюць “жыдабандэраўцамі” і “фашыстамі”. Але сапраўдны злодзей і на самай справе заўсёды першым крычыць: “Трымайце злодзея!”
РР: Дзень волі ім таксама прыйшоўся не даспадобы?
Алесь Марачкін: Дык сітуацыя ж амаль аналагічная. Калі беларусы пачынаюць адзначаць свае нацыянальныя гістарычныя святы, адразу ж знаходзяцца тыя, хто хоча ўтаптаць гэта ў бруд. У Беларусі ж амаль цалкам расейская прапаганда, таму ўжо і нацыянальнасвядомыя беларусы становяцца “фашыстамі”. Усё гэта кладзецца на тое, што адбываецца ва Украіне і Расеі. Яшчэ не так даўно Пуцін цынічна падманваў свет, што ў Крыме няма расейскіх вайскоўцаў, а зараз прызнаецца, што адбывалася на самай справе. Як сёння можна верыць Расеі?
РР: Наколькі нябеспечныя для краіны такія інфармацыйныя ўкіды прыхільнікаў “русского мира”?
Алесь Марачкін: Вельмі небяспечныя! Бо ўжо знаходзяцца тыя, хто дзеліць магілёўскія ці іншыя «истинно русские территории». Гэтаму пачынаюць падпяваць, успамінаюць нейкае беларускае «казачество», якое не ўспрымае Беларусь як самастойную дзяржаву. Для іх мы, напэўна, недадзяржава і недачалавекі. Гэтае ж самае наклейваюць і на ўкраінцаў. І з гэтым трэба змагацца, бо мы сутыкнуліся з вельмі сур’ёзнай небяспекай! Агрэсіўная палітыка Крамля ашчэрылася на бліжэйшыя тэрыторыі, якія Масква хоча падмяць пад сябе ідэйна і інфармацыйна. Беларусы – яшчэ кволыя, яны да канца і не ўсвядомілі сваю самастойнасць. І, чым больш ідзе затлумліванне мазгоў людзей, тым горш для нас. Гэта – шлях у бездань. Беларусам трэба адчуваць перспектывы, а расейскі шлях – шлях у нікуды.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя