Алесь Масюк атрымаў пісьмовы адказ



Наш сайт ужо паведамляў, што былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 Алесь Масюк звярнуўся з пісьмовай просьбай да старшыні камісіі Алены Мачалінай. У сваёй просьбе Алесь Масюк напісаў: “Прашу Вас даць мне магчымасць азнаёміцца з падрабязнымі вынікамі выбараў галасавання па кожнаму з 65 выбарчых ўчасткаў Слонімскай выбарчай акругі № 58 (колькасць выбаршчыкаў, колькасць прыняўшых удзел у галасаванні, колькі чалавек прагаласавала датэрмінова, па месцы знаходжання і ў асноўны дзень галасавання, як размеркаваліся галасы па кожнаму з кандыдатаў). Таксама прашу Вас надрукаваць падрабязныя вынікі выбараў па кожнаму выбарчаму ўчастку ў мясцовых СМІ і на сайце Слонімскага райвыканкама для агульнага азнаямлення”.

І вось у пятніцу, 16 верасня, Алесь Масюк атрымаў адказ ад спадарыні Мачалінай. У канцы адказу старшыня камісіі Мачаліна паведамляе, што “з вынікамі галасавання на кожным участку Вы маеце права азнаёміцца ў акруговай камісіі”. Але кандыдат у дэпутаты, наведаўшы спадарыню Мачаліну ў яе кабінеце, прасіў у спадарыні Мачалінай скінуць вынікі галасавання па кожнаму ўчастку яму на флэшку ці вывесці на лістках на прынтары для азнаямлення. Але спадарыня Мачаліна гэта зрабіць адмовілася. Маўляў, пасядзіце ў кабінеце камісіі, паглядзіце, пачытайце і ўсё. А поўнасцю агалошваць вынікі выбараў па кожнаму ўчастку яна не дазволіла.

adkaz-na-skargu

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім