Алесь Масюк: Большасць беларусаў выступае за перамены…



7 чэрвеня ў Менску быў затрыманы сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец і незаконна асуджаны на 15 сутак.

Вось як пракаментаваў затрыманне і пакаранне Паўла Севярынца сябра Слонімскай суполкі БХД Алесь Масюк, які ў прыватнасці сказаў:

– Гвалтоўнае і незаконнае затрыманне Паўла Севярынца невядомымі людзьмі ў штацкім, якія паводзяць сябе, як бандыты, яшчэ раз пацвярджае тое, што нашай краінай кіруе арганізаваная злачынная групоўка. І ім напляваць на ўсе законы і мараль, іх галоўная задача – утрымаць уладу любымі сродкамі.

Сённяшняя ўлада вельмі баіцца масавых акцый пратэсту. І каб збіць хвалю грамадскага пратэсту, якая нарастае, па ўсёй краіне адбываюцца затрыманні розных грамадскіх актывістаў. Аднак спыніць непазбежныя перамены ўжо не атрымаецца, бо большасць беларусаў выступае за перамены, за новую ўладу. Беларусам надакучыла жыць 26 гадоў у махлярстве, жабрацтве і ў беззаконні. Беларусы заслужылі лепшай светлай долі…

Беларускае Радыё Рацыя