Алесь Мех адмаўляецца ад удзелу ў выбарах (абноўлена)
“Ад самага пачатку мы цвёрда заяўлялі, што будзем удзельнічаць толькі ў сумленных і справядлівых выбарах, і толькі тады, калі на свабоду выйдуць усе палітычныя зняволеныя”, – адзначае Аляксандр Мех.
Раней ён заяўляў пра вылучэнне сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах, аднак адмовіўся ад гэтай ідэі на карысць палітвязня Мікалая Статкевіча. Кобрынскі палітык падкрэслівае, што за год у выбарчым заканадаўстве не адбылося ніякіх зменаў, а палітычныя вязні надалей знаходзяцца за кратамі:
– Калі казаць пра палітычных вязняў, то на сёння гэта павінна быць тэмай нумар адзін для людзей, якія займаюцца нейкай палітычнай дзейнасцю і сустракаюцца з іншымі палітычнымі партыямі або арганізацыямі, у тым ліку за мяжой, сустракаюцца з людзьмі. Гэта першай тэмай павінна быць, што сёння ў Беларусі ёсць палітычныя вязні і вязні сумлення.
Аляксандр Мех на сёння з’яўляецца намеснікам аргкамітэту па стварэнні Руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, які ачольвае экс-кандыдат у прэзідэнты Ўладзімір Някляеў. Менавіта Някляеў выступіў з прапановай да іншых, хто мае прэзідэнцкія амбіцыі, адмовіцца ад іх і падтрымаць вылучэнне на выбарах Мікалая Статкевіча.
Каментуе Аляксандр Мех:
– Гэтага вылучэння не адбудзецца, бо, безумоўна, Ярмошына не дазволіць гэтага. Але калі больш няма каму, то мы павінны прыцягнуць увагу да праблемы палітычных вязняў.
Кобрынскі актывіст пры гэтым абяцае працягваць сваю палітычную дзейнасць у межах стваранага руху, між іншым, праводзіць шматлікія сустрэчы з людзьмі ў рэгіёнах.
Цалкам гутарка з Аляксандрам Мехам прагучыць у аўтарскай праграме “Рэгіянальны кур’ер: ад Гародні – да Берасця” ў пятніцу, 3 ліпеня, у 22.05 і ў нядзелю, 5 ліпеня, у 8.05 паводле беларускага часу.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя