Алесь Мех: Парламент нічога не вырашае
Кобрыньскі актывіст Алесь Мех, які двойчы балатаваўся ў парламент, распавядае, чаму ён не збіраецца прымаць удзел у сёлетняй парламенцкай кампаніі.
У наступным месяцы распачынаецца парламенцкая кампанія. Ці цікавы гэты палітычны працэс людзям у рэгіёнах?
Алесь Мех: Мяркую, што некаторыя людзі “сваіх” дэпутатаў з Палаты прадстаўнікоў ведаюць. Думаюць, што, маўляў, ад тых нешта залежыць. Усе ж спадзяюцца, што высокія чыноўнікі заклапочаны праблемамі простага чалавека. Тым больш, усім вядома, як складана людзям жыць у рэгіёнах. Але ў рэальнасці аказваецца, што чалавек свае праблемы ў большасці павінен вырашаць сам.
РР: На вашу думку, парламент сёння можа ўплываць на нейкія палітычныя працэсы і рашэнні ў краіне?
Алесь Мех: Па сутнасці, ён нічога не вырашае і ні на што не ўплывае. Дэпутаты проста націскаюць на кнопкі, даючы згоду на тыя рашэнні, што рыхтуюцца ў Чырвоным доме.
РР: Але ж вы ў свой час і самі спрабавалі патрапіць у парламент. На што тады разлічвалі?
Алесь Мех: Так, у 2004 і 2008 годзе я прымаў удзел у выбарчых кампаніях, але, шчыра кажучы, не было спадзяванняў атрымаць мандат. Але ж была цудоўная магчымасць для сустрэч з людзьмі. Тады мы выступілі ў Кобрыні практычна на ўсіх прадпрыемствах, пабывалі ва ўсіх фірмах і школах. У кожную выбарчую кампанію было каля 180 сустрэч з калектывамі. А гэта нядрэнная лічба.
РР: Зараз у вас няма жадання балатавацца?
Алесь Мех: Па шчырасці, гэта нават не абмяркоўвалася, бо многія адказы на пытанні па ўдзелу ў выбарах я, напрыклад, хацеў атрымаць на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, што прайшоў нядаўна. Але ж мерапрыемства, як мне падаецца, пераўтварылася ў прафанацыю. Таму я нават не ведаю, калі пачынаецца тая парламенцкая кампанія.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя