Алесь Мех зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу
У Кобрынскай акруговай выбарчай камісіі па выбарах у Палату Прадстаўнікоў пакуль зарэстравана толькі адна ініцыятыўная група – Алеся Меха. Для падачы дакументаў на яе рэгістрацыю яму спатрэбіліся 2 дні. „Акруговай камісіі спатрэбілася 5 дзён для праверкі ініцыятыўнай групы з 14-ці чалавек,” – кажа Алесь Мех.
– Камісія зарэгістравала маю ініцыятыўную групу. Сказалі, што правяралі кожны пашпарт, кожнага чалавека праз міграцыйную службу. Толькі сёння ім прыйшоў адказ, што гэтыя ўсе асобы правераныя і што ўсе яны з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
Алесь Мех напярэдадні выказаў жаданне, каб паседжанне камісіі вялося на беларускай мове. Да яго жадання прыслухаліся. Але толькі 5 першых хвілін старшыня камісіі, дырэктар сярэдняй школы №3 Кобрына Аляксандр Лесік гаварыў па-беларуску. Потым, спаслаўшыся на закон “Аб дзвюхмоўі”, перайшоў на расейскую.
Алесь Мех з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы Васілём Андрасюком.
Беларускае Радыё Рацыя
