Алесь Міхалевіч: Многім людзям улада надакучыла



Кандыдат у прэзідэнты 2010 года Алесь Міхалевіч падзяліўся ўражаннямі адносна сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году. Тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам. Міхалевіч стаў адным з фігурантаў нашумелай справы “Аб масавых беспарадках”. Пэўны час палітык знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым з тых, хто заявіў пра жорсткія катаванні ў турэмных засценках.

Выйшаўшы на волю пад падпіску аб нявыездзе, Міхалевічу ўсё ж такі ўдалося пакінуць Беларусь і эміграваць у Чэхію. У верасні 2015 года палітык вярнуўся на Радзіму пасля пяці гадоў жыцця за яе межамі.

РР: Ці нечаканым стала для вас вылучэнне такіх кандыдатур, як Віктар Бабарыка альбо Валерый Цапкала?

Алесь Міхалевіч: Скажам так: я ведаў, што нешта падобнае адбудзецца. Натуральна, не мог здагадвацца, якія канкрэтна кандыдатуры з’явяцца, але ведаў, што на гэтых выбарах мусяць быць прадстаўнікі істэблішмента, якія пойдуць у прэзідэнты. Гэта можна было спрагназаваць.

Не магу сказаць, наколькі гэта самастойныя фігуры, але, як мне падаецца, пэўны ўплыў Масквы ва ўсім гэтым быў. А адносна кагосьці з іх – і ўплыў Адміністрацыі прэзідэнта.

РР: Вынік выбараў зараней прадказальны?

Алесь Міхалевіч: Мяркую, на гэтых выбарах кіраўнік Беларусі ў рэальнасці не набярэ нават 50 адсоткаў. Іншая справа, што лічбы ў нас “малюе” Цэнтрвыбаркам, таму тут перспектывы для грамадства сумныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя