Алесь Міхалевіч: Пакуль зарана казаць пра нейкія змены



Парламенцкія выбары, якія неўзабаве адбудуцца ў Беларусі, у пэўнай ступені раскалолі сацыяльна актыўную частку грамадства. Тоё-сёй мяркуе, што вынікі традыцыйна будуць сфальшаваныя, і таму браць удзел у тых выбарах бессэнсоўна. Некаторыя наадварот, упэўненыя, што перадвыбарчую сітуацыю варта скарыстаць хаця б для дэманстрацыі, што беларускае грамадства не так ужо і аднадушнае адданае цяперашняй уладзе.

Дык варта браць удзел у выбарах ці не варта? Ці магчымая нейкая часовая лібералізацыя грамадскага жыцця, як перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 года? Ці магчымая хуткая змена электаральнага краявіду ў Беларусі?

Алесь Міхалевіч

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Алесем Міхалевічам – беларускім грамадскім і палітычным дзеячом, які ў 2010 годзе балатаваўся на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Алесь Міхалевіч: Пакуль зарана казаць пра нейкія змены. Большасць беларусаў жыве чаканнямі адпачынку. Не думаю, каб яны цяпер моцна думалі пра палітыку. Датаго ж, мне цяжка параўноўваць цяперашнія выбары з мінулымі, бо тады я быў на эміграцыі. Я магу параўнаць сітуацыю ці з выбарамі прэзыдэнцкімі 2010 года, ці ў Палату прадстаўнікоў 2008 года. На мой погляд, агульная незадаволенасць грамадства стала нашмат больш.

РР: Яшчэ поўгады таму шмат якія палітыкі з дэмакратычных сілах заклікалі да поўнага байкоту выбараў. Але ж цяпер мы бачым, што шмат хто з палітычных партый і плыняў вырашылі браць удзел у выбарах. Чаму?

Алесь Міхалевіч: Удзел у выбарах – працэс. Калі ты ў працэсе не ўдзельнічаеш, у цябе гэтыя здольнасці атрафіруюцца. А я ўсё ж веру, што ў Беларусі рана ці позна адбудуцца дэмакратычныя выбары, і трэба, каб былі людзі, якія гэты працэс разумеюць, ведаюць і змогуць браць у ім удзел.

РР: Але ж і на гэтых выбарах пераможа не той, хто набярэ большасць галасоў, а той, хто будзе іх рахаваць… Ёсць такое меркаванне: маўляў, а нашто станавіцца саўдзельнікам фарсу? Толькі дзеля таго, каб не атрафавалася палітычнае мысленне?

Алесь Міхалевіч: На вялікі жаль, і Беларусь, і беларуская апазіцыя дакацілася ўжо да такога стану, калі ад таго, ці бярэ яна ўдзел у выбарчым працэсе, ці не бярэ, ад гэтага не залежыць прызнанне ці непрызнанне легітымнасці той жа Палаты прадстаўнікоў. Трэба думаць, што з тых выбараў можна вынесці. Тым больш, што ніякага актыўнага байкоту няма. Не бачу я, каб нехта хадзіў па кватэрах і заклікаў народ не галасаваць на выбарах. Выбары – гэта хоць неякая праца з грамадствам, пошукі новых прыхільнікаў. Гэта захаванне структураў на той момант “Х”, калі сапраўдныя выбары адбудуцца. Асобна хачу зазначыць адзін момант. Я не з’яўляюся нейкім кіраўніком партыі БНФ, я звычайны сябра, і калі партыя вырашыла ўдзельнічаць, то я проста падтрымаў такую ініцыятыву.

РР: Калі згадаць тыя ж прэзыдэнцкія выбары 2010 года… Усё ж, была пэўная лібералізацыя. Давалі слова людзям з апазіцыйнага да ўлады лагера на Беларускім дзяржаўным тэлебачанні. Прытым некаторыя апаненты ўлады выказваліся вельмі радыкальна… Ці мажлівае, на ваш погляд, нешта падобнае цяпер? Ці могуць апаненты ўлады быць дапушчаныя да БТ?

Алесь Міхалевіч: Думаю, што не. Нават калі-небудзь каму-небудзь з іх слова і дадуць, не думаю, што будзе так цікава глядзець на гэтую масу кандыдатаў. Апазіцыйных кандыдатаў, магчыма, будзе каля сотні. Можа, нават і больш. І нікому цяпер не будзе цікава ўсё гэта слухаць, бо ўсё будзе знікаць у агульнай інфармацыйнай плыні. Справа ў тым, што грамадства ніколі не ўспрымала выбары ў Палату прадстаўнікоў, як нешта сапраўды важнае. Мясцовыя выбары ўвогуле не ўспрымаюцца ўсур’ёз. Больш за тое: мінулыя прэзыдэнцкія выбары паказалі, што нават і яны не ўспрымаюцца, як нешта істотнае і важнае.

РР: Сярод самых розных думак, якія выказваюцца з нагоды нашых выбараў, і ва Украіне, і ў Польшчы чуў і такое: ды хай у той Беларусі ўсё застаецца, як ёсць. Бо беларускі электарат, маўляў, моцна напалоханы падзеямі ва Украіне апошніх двух гадоў, і таму хай лепш той Лукашэнка, чым рэвалюцыя, бо гэта можа прывесці да закалотаў, узброеных канфліктаў і нават анэксіі часткі нашай краіны ўсходнім суседам… Дык што лепш: хай застанецца, “як ёсць”, ці хай будуць нейкія змены?

Алесь Міхалевіч: Безумоўна, пэўная частка людзей так і думае. Але ж ёсць адзін момант. У Беларусі ўжо адбылося вельмі істотнае збядненне людзей. І надалей тое збядненне, мяркую, будзе працягвацца. А калі людзі губляюць звыклы ўзровень жыцця, яны перастаюць думаць такімі катэгорыямі. Ці ім трэба ўвесь час уздымаць узровень страху. Напрыклад – паказваць новыя жахі пра “да чаго давёў Майдан”. А гэта ўжо спынілася, бо рэсурс жахаў, якія можна прыдумаць, пэўна, вычарпаны. Што тычыцца мяне асабіста, то я ніколі не лічыў, што Лукашэнка ніколі не быў гарантам незалежнасці Беларусі. Мы ўсе выдатна ведаем і пра тое, што ў Беларусі адбываецца, і пра нестабільнасць таго дзяржаўнага ўтварэння, якое ў нас збудаванае. Таму я ніколі не лічыў, што “хай ужо Лукашэнка, бо гэта стабільнасць”. Упэўнены, што Беларусі трэба сітуацыю, і што кіраўніцтва трэба было мяняць яшчэ ўчора.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 11 верасня. Палітычныя назіральнікі і ў Беларусі, і па-за яе межамі ўпэўненыя, што да істотных зменаў палітычнага курсу гэтыя выбары не прывядуць.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя