Алесь Міхалевіч пойдзе на парламенцкія выбары



Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч мае намер узяць удзел у парламенцкіх выбарах. Ён плануе балатавацца ў Палату прадстаўнікоў ад Партыі БНФ па менскім мікрараёне Уручча.

„Усе людзі маюць правы, і кожны рэалізуе іх, як хоча. Я асабіста хачу ведаць, што думаюць людзі з нагоды ўсяго, што адбываецца ў краіне, бо за пяць гадоў многае тут змянілася, — сказаў ён. — Следства па маёй справе працягнутае, і калі мяне прызнаюць вінаватым і накіруюць справу ў суд, вядома, гэта перашкодзіць маім планам. Аднак у нас усё яшчэ ёсць прэзумпцыя невінаватасці. Таму зараз я збіраю каманду і рыхтуюся да кампаніі”.

Палітык знаходзіцца пад следствам па „справе аб масавых беспарадках” 19 снежня 2010 года. Міхалевіч, як і большасць іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, быў затрыманы ў ноч на 20 снежня. 19 лютага 2011 года яго выпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску пра нявыезд. У сакавіку таго ж года Міхалевіч таемна выехаў з Беларусі і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. 8 верасня 2015 года ён вярнуўся ў Беларусь.

Паводле belapan.by

Фота dw.com